Праваслаўны святар кінуў выклік міліцыі

12.07.2011, 10:59  |  Навіны, Свет, Рэлігія

Протаярэй Ігар Прылепскі служыць у храме св. Апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Касута Вялейскага раёну, ён шматдзетны бацька. Як і большасці беларускіх мужчынаў, яму прыйшла позва – з’явіцца ў міліцыю, каб прайсці дактыласкапію.

 

Але святар адмовіўся ад дактыласкапіі. Тады яму прысудзілі штраф – 700 000 руб. паводле артыкулу 23.4 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях з фармулёўкаю “непадпарадкаванне законнаму патрабаванню працаўнікам праваахоўных органаў”. Як патлумачыла юрыстка Святлана Шлома, гэты артыкул ужываюць да ўсіх, хто адмаўляецца ад дактыласкапіі. “Паводле закону ваеннаабавязаны чалавек мусіць “адкатаць пальцы”, але калі ён адмовіцца, то ніякага пакарання за гэта ў законе не прапісана. Спачатку грамадзяне гэтым карысталіся, але пасля міліцыянты пачалі шукаць выйсце – і знайшлі яго ў “непадпарадкаванні законным патрабаванням”, – кажа эксперт.

 

Сам святар гэтак тлумачыць сітуацыю: “Наколькі мне вядома (так было і ў маім выпадку), пры звароце да людзей працаўнікі міліцыі кажуць, што дактыласкапія абавязковая для ўсіх – закону, мякка кажучы, гэта не адпавядае. На судзе я згадаў пра гэты факт як пра наўпроставы падман і атрымаў тлумачэнне, паводле якога працаўнікі міліцыі выконваюць унутранае распараджэнне Міністэрства ўнутраных справаў, і, такім чынам, падману тут няма. Вымушаны пагадзіцца – падману няма, але ёсць спроба падпарадкаваць чалавека, які не служыць у МУС, унутранаму распараджэнню гэтай інстанцыі, што, натуральна, ніякім законам не можа быць падтрымана.

 

У сувязі з гэтым узнікае пытанне: чаму пры звароце да мяне, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь (і не толькі да мяне), з прапановаю здаць адбіткі пальцаў працаўнік міліцыі спасылаецца не на адпаведны Закон РБ, а на ўнутранае распараджэнне МУС, і кажа пры гэтым, што ў нас здзейсненыя тэракты (маючы на ўвазе падзеі ў Менску падчас свята на Кастрычніцкай плошчы) ды іншыя злачынствы? Я трапіў у спіс падазраваных? Але дзе ж тады прэзумпцыя невінаватасці? Выбачайце, але такі падыход да справы – не што іншае, як прыніжэнне маіх чалавечых гонару і годнасці”.

 

На сёння, як кажуць эксперты, застаўся толькі адзін легальны спосаб адтэрмінаваць дактыласкапію – патрабаваць праводзіць яе на электронным абсталяванні. У Беларусі ўсяго пара такіх апаратаў, чарга на яго расцягнулася некалькі месяцаў. Так што праваахоўнікі хутчэй адмовяцца ад працэдуры, чым будуць дамаўляцца даставіць апарат.

 

belsat

Крыніца: Радыё Рацыя

Навіны па тэме