У Менску прайшоў з’езд Маладых хрысціянскіх дэмакратаў (фотарэпартаж)
3 снежня ў Менску адбыўся з’езд аргкамітэту па стварэнні ГА “Маладыя хрысціянскія дэмакраты”. На з’ездзе былі зацверджаныя праграма МХД, палажэнне аб працы аргкамітэту, стратэгічныя мэты і задачы на 2016-2018 гады.
Сярод прыярытэтных задачах прынятыя распрацоўка заканадаўчых прапаноў у абарону правоў моладзі і правядзенне кампаній у іх падтрымку; павелічэнне колькасці сябраў МХД і сеткі рэгіянальных аддзяленняў; падрыхтоўка не менш за 25 маладых лідараў, здольных узяць удзел у мясцовай кампаніі ў якасці кандыдатаў; узмацненне прысутнасці ў сацсетках і СМІ і іншае.
У рамках сваіх кампаній МХД будзе дамагацца павелічэння колькасці беларускамоўных школаў і класаў, заняткаў па беларускай мове, літаратуры і гісторыі, увядзення ў школах прадмета па асновах хрысціянскай культуры і этыкі, маніторынгу выканання Беларуссю палажэнняў Балонскага працэсу, увядзення надбавак да заробкаў выкладчыкаў за чытанне курсу на беларускай мовы, адмены чорных спісаў дзеячаў мастацтва.
На з’ездзе з вітальнымі словамі выступілі лідары Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Хрысціянска-дэмакратычнага руху, прадстаўнікі партнёрскіх моладзевых арганізацый МХД з Беларусі і замежжа. Было падпісанае фундаментальнае пагадненне аб супрацы з Маладымі дэмакратамі (АГП).
Падчас выбараў новага кіраўніцтва старшынёй аргкамітэту МХД была пераабраная Марына Хоміч, а яе намеснікам абраны Павел Булаты. Таксама была абраная Нацыянальная рада МХД.
Апроч таго, з’езд МХД зацвердзіў наступныя рэзалюцыі: “Аб спыненні манаполіі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі”, “Аб выкананні Беларуссю патрабаванняў міжнароднага Балонскага камітэту” і “Аб беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях навучання”.