“Тихонечко, тихонечко… Никакой паники”
Дзіва дзіўнае! Улада прачнулася, працерла вочы і вырашыла раз і назаўсёды адабраць “прыватызаваныя” Курапаты. У гэтых палітыканаў, якія мітынгуюць на Дзяды. У “дырэктараў могілак”, што паднімаюць там “шуміху” і ўносяць раскол у наш сільна адзіны народ. Вось жа парадокс: нас заклікаюць да адзінства тыя, што два дзясяткі гадоў толькі тым і займаюцца, што сеюць варожасць!
Тэрмінова згарбузавалі ў “СБ” і выдалі ў эфір круглы стол, ад якога патыхала замшэласцю і жаданнем рэабілітаваць сталіншчыну. П.Якубовіч прызнае, што масавыя забойствы 30-ых гадоў – траўма для народа, што новае пакаленне павінна пра іх ведаць, аднак ён супраць “раздзірання ран” і “разгойдвання лодкі”. Давайце жыць дружна. В.Шадурскі заклікае ганарыцца нашай гісторыяй, нягледзячы ні на што. Ён не ўпэўнены, каго ўвогуле лічыць ахвярамі; стралялі ж і саміх выканаўцаў. (Дык мо іх пашкадуем найперш?) Падкрэслівалася, што незалежная Беларусь не з’яўляецца правапераемніцай Савецкага Саюза, а значыць, ні за што не адказвае. Злачынствы рэжыму падаваліся, як “крайнасці”. Рабіўся ўпор на шматнацыянальнасць ахвяр. Беларусы-то палеглі, але не адны, няхай супакояцца нацыяналісты. “Палітычныя правакацыі”… “Крыжовыя паходы”… Моцна сказана! Гэта пра ўстаноўку крыжоў апазіцыяй у месцах вечнага спачыну ахвяр сталіншчыны.
Гаворка на 1-ым канале суправаджалася наспех скляпанымі перабіўкамі, якія толькі дабаўлялі блытаніны і абсурду.
Паслухай гэту перадачу хтось старонні, не абазнаны ў савецкай гісторыі, ён падумае, што рэпрэсіі – чыста прыродная з’ява. Катаклізм, які “меў месца” і які давялося “прайсці”. Адметна, што ніхто з удзельнікаў дыскусіі, як і голас за кадрам, не ўпамянуў імя галоўнага ката, не назваў рэпрэсіі “сталінскімі”. Усяляк стараліся не прамовіць галоўнага, сутнаснага. Толькі І.Кузняцоў сказаў пра дасюль закрытыя архівы і адсутнасць праўды ў падручніках.
У канцы 30-ых хапун прайшоўся па Янушкаўскім сельскім савеце (Лагойскі раён); паблізу праходзіла савецка-польская мяжа. Як “польскіх шпіёнаў” забралі пяцёра братоў Барысевічаў (вёска Калачы) – непісьменных мужыкоў, якія не ўмелі вычытаць пратакол допыту. Сямёра мужчын замялі за адну ноч з маленькіх Якубавічаў Баравых. Толькі адзін абазваўся лістом з Сібіры, лёс астатніх невядомы. Па даносе выслалі мясцовага доктара Кулакоўскага. Доктар атрымаў пяць год Калымы і застаўся жыць з сям’ёю на вольным пасяленні. Быў забраны і рэабілітаваны пазней ляснічы Прахаровіч. Яго катавалі органы ў сутарэннях палаца Тышкевічаў. Бяскрыўдны мужычок Алёшачка пацярпеў толькі за тое, што сябраваў з сынам бацюшкі. У лагеры не ведаў, што ідзе вайна з немцам.
Загадвалі завешваць вокны, не дазвалялі жанчынам плакаць: “Тихонечко, тихонечко…Никакой паники!” Даводзілі: “Бачылі, што хадзіў праз мяжу”. Або “Даказана, што ёсць золата”. Дзеці з Саўдзеневічаў уцякалі, пабачыўшы на дарозе “варанка”. У іх бацькоў былі сабраны хатулькі на выпадак арышту.
У 1939 быў арыштаваны і прапаў бясследна немалады Емяльян Верамей з Якубавічаў Гаравых. Запалоханыя вяскоўцы не надта шукалі блізкіх. Зніклі і зніклі… Хіба іх вернеш? Але сляды дзеда ўжо сёння паспрабаваў знайсці ўнук, які жыве ў Башкірыі. На ягоны запыт КДБ запатрабаваў дакументальна даказаць сваяцтва. Вы падумайце! Яны патрабуюць доказу роднасці ад далёкага Верамея, чые бацька і дзед таксама былі Верамеямі і на Міншчыне нарадзіліся! Ведаюць, што ў вайну пастрачваны метрыкі…
Але вернемся да так званай дыскусіі, дзе ўсе дружна вырашылі паставіць памятны знак ў месцы масавых захараненняў. Усе мы разумеем: без “самазваных дырэктараў” не было б ужо чаго ахоўваць і добраўпарадкаваць: даўно б раскарчавалі і разаралі, следу б не засталося. Гэта яны, прадстаўнікі партый і грамадскія актывісты, у тым ліку неабыякавая моладзь, не пускаюць у святое месца забудоўшчыкаў і наводзяць у Курапатах парадак. Я сама, пенсіянерка, з таварышамі выносіла з курапацкага лесу мяшкі бутэлек і закопвала кастрышчы, на якіх гараджане ў выходныя смажаць шашлыкі. На магілах.
Іначай, як перахопліванне ініцыятывы, пачутае расцаніць нельга. Апомніліся! Не то палатачнага гарадка спалохаліся, не то раскаталі губу на бязвізавых турыстаў. Пры гэтым грамадзе прапануюць скінуцца, як на Трасцянец.
Я наперад прадбачу, што з іх актыўнасці можа атрымацца. Па-першае, яны прыбяруць простыя драўляныя крыжы і паставяць грувасткі помнік ад “самага лепшага скульптара”. Па-другое, абгародзяць тэрыторыю безгустоўнай маналітнай агароджай, як на памятным месцы ў Старажоўцы. Па-трэцяе, узвядуць агромністую браму, больш прыдатную для крэматорыя (як ля музея Вялікай Айчыннай вайны). Пліткай ад “сваіх” павыкладваюць сцяжынкі. Абрэжуць дрэвы. Прызначаць шэфаў, прыгоняць бээрсээмаўцаў… І нарэшце, натыркаюць недарэчных ліхтароў з гербамі, тыпу тых, што стаяць пры мосце ля Вяснянкі. Выйграюць усе: адны нагрэюць рукі на заказах, другія – на адкатах. І атрымаецца Старажоўка № 2, куды не хоча ступаць нага чалавека. Прайграе толькі грамадскасць, якая стварыла народны мемарыял у Курапатах і не дае згаснуць нашай памяці.
Галіна Каржанеўская, пісьменніца, сябра Нацыянальнай рады БХД