Галіна Каржанеўская. Канфлікт у Сеціве

01 лютага 2020 12:01  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Галіна Каржанеўская. Канфлікт у Сеціве

 

Тэмпература ў Сеціве відавочна падскочыла з прыняццем рашэння наконт праймерызу. Закіпелі страсці. Як пачытаеш – кожны па-свойму мае рацыю. Я зразумела, у чым сутнасць канфлікту паміж так званымі ігноршчыкамі і дэмакратычнымі палітыкамі. Ігноршчыкі таксама хочуць дабра Айчыне, але ў большасці ці малаактыўныя, ці закліненыя на сваіх ментальных устаноўках. Для іх правільна не галасаваць і не ўдзельнічаць ніякім чынам, то бок – атрэсці рукі і сядзець на абочыне. (А маглі б стаць някепскімі назіральнікамі.)

Але! Прашу ўвагі! Не наша справа дыктаваць палітыкам, што тым рабіць і як дзейнічаць у дадзенай няпростай сітуацыі. Наша сітуацыя – гэта хранічная, застарэлая, расцягнутая на гады хвароба, якую не вылечыш пілюлямі ды мазямі. Тут паказана радыкальнае ўмяшанне ў грамадскі арганізм. Звычайна ўзважваюць, ці хопіць у “пацыента” рэсурсаў перанесці такую аперацыю. Акрамя таго, ён сам можа адмовіцца (па многіх прычынах).

Будзем рабіць тое, што можам. Мы не багі-аватары, нашы магчымасці досыць сціплыя, народ расколаты і знявераны. Мы не здольны дайсці да кожнага прадстаўніка электарату, актывістаў штрафуюць і судзяць дзеля застршэння і, заадно, папаўнення казны. Нам супрацьстаіць злая, узброеная, узаконеная і абнаглеўшая сіла. Дык асцеражэмся пырскаць слінай і ганіць тых, каго адзін сучасны пісьменнік назваў мучанікамі.

Галіна Каржанеўская

Болей навін