Галіна Каржанеўская. “Мы выйдзем шчыльнымі радамі…”

22 лістапада 2017 17:48  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Галіна Каржанеўская. “Мы выйдзем шчыльнымі радамі…”

Мінская гарадская арганізацыя працягвае збор подпісаў за рэгістрацыю нашай партыі. Як часта нам даводзіцца стукацца ў дзверы Мінюста – і атрымліваць адмову! Як непрыгожа (мякка кажучы) яны абыходзяцца з людзьмі, якія хочуць  падтрымаць БХД і падпісваюцца за наша афіцыйнае існаванне ў палітычнай прасторы!

Мне распавялі, якім чынам аказваецца ціск (звычайна на працуючых). Супрацоўніка выклікае ў кабінет начальнік і разам з намеснікам па ідэалогіі пачынае застрашваць чалавека і патрабаваць, каб ён аформіў пісьмовую адмову. Маўляў, напішыце, што вас змусілі паставіць подпіс падманам, што вы не разумелі, за каго падпісваецеся.

–І вы напісалі?!– пытаюся я.

–Не, я адмовілася, – годна адказвае работніца вялікага будаўнічага прадпрыемства.

І такіх нямала, каму выкручвалі рукі ва ўгоду аднаму звышпільнаму ведамству, чый будынак рассеўся на квартал, а парадны ўваход  падобен на тэатральны. І ўсё роўна, нягледзячы на беззаконне, людзі выказваюць  сваю пазіцыю, удзельнічаюць у грамадскіх мерапрыемствах і акцыях, назіраюць на так званых выбарах, выходзяць пад нашым сцягам на дазволеныя шэсці. Наперадзе шмат клопату па афармленні дакументаў і з’езд у снежні, але большая частка працы зроблена. З гэтай нагоды я натхнілася на вершаваныя радкі.

 

* * *

Былі мінулым разам у Цюлькова:

Пячэнькі ён на сподачках насіў.

Начэй не спала Вольга Кавалькова,

Уся каманда выбілася з сіл.

 

І вось ізноў працуем на падачу,

Ранейшы аднаўляючы парыў.

Мы ведаем і мэту, і задачу,

Адзіны мы, з’яднаны калектыў.

 

Мы зборшчыкі, карэктары, тэхрэды…

Абзвоньваем і ездзім па дамах.

Да перамогі, нават “да пабеды”

Нас кліча родны, з васілёчкам  сцяг.

 

Галіна Каржанеўская

Болей навін