Галіна Каржанеўская. Пасля выбараў. Вынікі шамацення

20 лістапада 2019 18:07  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Галіна Каржанеўская. Пасля выбараў. Вынікі шамацення

 

Пад выбары на экраны беларускага ТВ з усіх шчылін павылазілі праваднікі генеральнай лініі – такія ж агідныя, як і сама лінія. Яна, гэтая антынародная лінія, вымушае махлярыць педагогаў і праз ЦВК спускае ўніз працэнты – колькі каму з кандыдатаў “намаляваць” у клетачцы выніковага пратаколу.

Каго пабойваюцца, тым выстаўляць менш за ўсё. І самае абсурднае, што ніхто з жадаючых трапіць у “палатку” – ні левыя, ні правыя, ні самавылучэнцы, ні мілыя ўладзе  – не будуць ведаць свайго сапраўднага рэйтынгу.

На парламенцкіх выбарах, якія лічаць рэпетыцыяй прэзідэнцкіх, назіральнікі “Права выбару” спрацавалі лепш, чым калі. Была захавана бесперапыннасць назірання, што з’яўляецца безумоўным плюсам. Зафіксавана мноства разыходжанняў у падліках – нашых і іхніх. Вялікае разыходжанне, як лічыць палітычны аглядальнік СТВ (вечаровы эфір 19 лістапада), нельга зрабіць нават тэхнічна. Дык гэта справа тэхнікі, грамацей ты наш! Даўно вядома, што патрэбныя лічбы робяцца банальнымі прыпіскамі. Ніхто ж ніколі не звяраў колькасць бюлетэняў з подпісамі выбарцаў.

У дні датэрміновага галасавання намі заўважаны прафесійна арганізаваныя “каруселі” – калі шустрыя цётачкі адна за адной плюхаюцца ля стала камісіі, працягваюць пашпарты,  бягуць з лісткамі ў кабіны і знікаюць, каб тэлепарціравацца на іншым участку.

З-за “каруселяў” вечарам  вывешваліся лічбы, меншыя (!), чым у назіральнікаў. Члены камісіі не ў стане зафіксаваць дакладную лічбу кабет у ступах, бо тыя імітуюць галасаванне, але  не распісваюцца ў спісах выбарцаў. Паспрабуй іх падлічы… Так забяспечваліся “птушачкі” для прызначаных дэпутатаў. У сталіцы на Пушкінскай акрузе 103 за вушы выцягвалі Панасюка. Нягледзячы на самаадданыя высілкі і выдумкі,  50-ці адсоткаў у Мінску ўсё ж не хапала, таму і ў асноўны дзень улюбёнцам лёсу накінулі па 200-300 галасоў.

На многія ўчасткі наведваліся міжнародныя госці. Тых, хто адкрываў ім вочы на асаблівасці народаўладдзя ў Беларусі, пасля пад рознымі падставамі пазбаўлялі акрэдытацыі, помсцілі. На ўчастку № 433 (Мінская СШ № 7) палячка з перакладчыцай   засталіся на падлік. Рэй вяла дырэктарка.  Сталы для папер размясцілі далёка-далёка, а яшчэ далей знаходзіўся стол з таблічкамі- прозвішчамі, за ім сядзела сакратарка. (Лічылася, што пералічвае стосы.) Усе назіральнікі – хто падлічваў і хто быў звычайным статыстам,  засталіся на сваіх месцах уздоўж сцяны. Аднак паважаныя госці пажадалі стаць бліжэй, і я ламанулася следам за імі. Падцягнуліся і астатнія. Вы думаеце, мы што-небудзь угледзелі? Мы толькі чулі шамаценне і бачылі перакладванне папер.

 Каторы ўжо раз я назіраю гэтае мышынае шабуршэнне! А яны з экранаў чаўпуць сваё: “Народ зрабіў выбар…”  Ну канечне, зрабіў. Адно спытаемся: ці быў ён незалежны ад куратараў, камендантаў, ідэолагаў, дырэктараў? Дый выбар той, на вялікі жаль, застаўся таямніцай для грамадскасці.

Галіна Каржанеўская

Болей навін