На тое і шчупак у возеры
Пытанні па стане Віцебскага гарадскога пляжу ў Сакольніках былі пастаўленыя актывістамі БХД, сябрамі ініцыятывы “Віцебск –горад наш”, перад гарсэс, адміністрацыяй Першамайскага раёна Віцебска, таварыствам выратавання на водах , бо стан гэты аніяк не адпавядаў ні нормам, ні рашэнням, ні правілам (гл. тут https://bchd.info/13423-tradycyya-speka-kalonki-i-ne-tolki.html; тут https://bchd.info/13422-vinavaty-prakuror.html; і тут https://bchd.info/13426-vicebskaya-garses-u-shoku-ad-sanitarnaga-stanu-mesca-agulnagramadskaga-adpachynku-na-vicebskim-vadas).
Жнівень, Ілля прайшоў, а сонца па-ранейшаму гоніць людзей да вады, таму і пытанні стану дадзенага пляжа яшчэ актуальныя.
Пакуль адмысловыя службы рыхтуюць нам адказы на звароты, вырашылі наведаць вадасховішча ды паглядзець, ці змянілася што пасля нашых паходаў па кабінетах.
Сустрэў нас лебедзь, потым мы зразумеем яго падзяку, калі выйдзем на пляж.
Чыста, як у прыбранай да свята хаце, ані табе шалушынкі, ані паперчыны якой, ані чынарыка!.. Дзе звычайна зварочвалі на пляж машыны, знак забароны.
Вядзем свае ровары да паста выратавальнікаў, сустракаем ужо знаёмага матроса-выратавальніка Аўдзеева Мікалая Іванавіча. Той распавядае: “Прыехалі са спецкамбіната, пазбіралі смецце, у машыну пагрузілі ды, ведаеце, не так, як калісьці – бак вывернулі, а што рассыпалася, тое засталося, а ўсё папрыбіралі… Учора быў Красоўскі (галоўурач гарсэс), маніторыў. Дык я ў яго і пра прыбіральні спытаў, і пра колькасць бакаў. Кажа, што сезон сканчваецца, дык ужо як ёсць – за чыстатой назіраць толькі больш пільна будуць. А што так прыбралі, то чакалі сёння праверку з экалогіі”. (А тут мы!)
Распавёў нам сп. Аўдзееў, былы ваенны лётчык, як прыходзіцца за аматарамі начной рамантыкі прыбіраць вогнішчы, перакопваць калейку, каб не магла пад’ехаць да вады машына. ( А пруцца ж!) Прадэманстраваў нам службу, пракаціўшы на лодцы амаль па перыметры возера, праінфармаваў у рупар адпачываючых пра тэмпературу вады і паветра, пра неабходнасць забраць з сабой рэшткі адпачынку, папярэдзіў аб бяспецы.
Напрыканцы нават павучыў Алену лавіць рыбу спінінгам. Пасля службы любіць пахадзіць з вудой па беразе. І шчупакі трапляюцца.
Дык на тое і шчупакі ў возеры, каб карась не драмаў…
Вярталіся задаволеныя, што нешта скранулася і тут, ва ўжо гатовым да звычайнага стану дэманстрацыі абыякавасці да людзей месцы агульнаграмадскага адпачынку…
Сядзяць чыноўнікі пры сваіх пасадах, усё ў іх распісана, за што адказваюць, хто ў іх падначаленыя, за што тыя адказваюць. Заробкі штомесяц немалыя, не тыя чаканыя народам “папіццот”- значна большыя, што статыстыку сярэдняга заробку “выпраўляюць”, а ўсё трэба, каб побач сядзеў певень ды кляваў у адно месца, каб “плаваў” побач які шчупак ды не даваў спаць на працоўным месцы…
Абрыдлі вы ўжо, спадарства, лянівыя, безадказныя, абыякавыя, безыніцыятыўныя! – мы побач і ідзем да вас!
Таццяна Севярынец