Другая хмара
Бралася на цяпло. Былі прыкметы, што лёд скрануўся. І той, што на рэках-азёрах, і ў свядомасці ўладу маючых. Але не таму, што раптам памянялася сутнасць — як прынята казаць – кіраўнічай эліты. Уладна напомніла пра сябе Яе Вялікасць эканоміка, і напомніла самым дзейсным і адчувальным чынам. Насельніцтва адразу ўцяміла, адкуль вецер дзьме: пачало скупляць прадукты і рыхтавацца да горшага.
Першымі адчулі палітычнае пацяпленне Някляеў з Рымашэўскім і яшчэ трое фігурантаў справы. Ім ужо не пагражае адсідка тэрмінам да 15-ці гадоў. Праз некалькі дзян змянілі артыкул для П.Севярынца, І.Халіп і іншых. За Паўла мы, хэдэкі, асабліва радуемся, бо да яго доўга не дапускалі адваката, а там, дзе невядомасць, можа пасяліцца страх. Неўзабаве выпусцілі А.Лябедзьку. І праз некалькі дзён ён прызнаўся, што прачнуўся ўранку ў халодным поце: “Калі б я быў у камеры, у мяне б было стопрацэнтнае алібі”.
Усіх нас – хто сядзіць і каго выпусцілі, хто біў дубінкай па галовах і хто з непабітай галавой давярае мясцовым навінам, хто ненавідзіць Лукашэнку і хто любіць яго – накрыла яшчэ адна чорная хмара: рванула ў метро. Гэта другая хваля грамадскай дэпрэсіі, страшная не толькі сваім вынікам, але і яго трактоўкай афіцынай уладай.
Калі мы кажам пра ўладу, то часцей за ўсё маем на ўвазе аднаго чалавека. У цяні гэтага дуба, у яго бліжэйшым атачэнні наўрад ці вырасце будучы малады кіраўнік дзяржавы. Гэта пры яго праўленні дзесяцігоддзямі ўбівалася ў галовы спажыўцоў СМІ, што апазіцыя – гэта не проста людзі з іншай пазіцыяй і крытычным поглядам на рэчаіснасць, а нейкія адшчапенцы або маргіналы. (Успомніце шпрыцы, якія нібыта знаходзілі ў намётавым гарадку пасля выбараў-2006.) А БХД, у якой залаты запас – інтэлігенцыя, жанчыны і вернікі, увогуле спадобіліся быць абазванай “бандытамі”. Зрэшты, большасць удзельнікаў Плошчы якраз з такога разраду насельніцтва.
Цяжка ўявіць, як такі кантынгент асвойвае зброю, што робяць цяпер паўстанцы ў Лівіі. Наўрад ці можна чакаць ад нас такога градусу абурэння і гневу, які мы бачылі на плошчах Сірыі або Йемена. Такога неймавернага трывання ў супраціве дыктатару, якое паказалі свету егіпцяне. У нас славянскі менталітэт і беларуская абачлівасць. Але і ў нас ёсць свая мяжа цярпення, ёсць сіла духу і нацыянальная годнасць.
Не аднойчы задумвалася: чаму беларусы такія небяспечныя для ўлады, што ўсталявалася на Беларусі? Кастуся Каліноўскага павесілі на плошчы Вільні. Ларысе Геніюш нават пасля смерці не даравалі бясстрашша і непрымірамасці да ўзаконенага савецкага беззаконня. Зянона некаторыя папракаюць, што з’ехаў, гавораць – збег. Ды для яго падчас першых выбараў прэзідэнта быў у суседняй краіне падрыхтаваны кілер. Як сказаў сам Зянон, “Лепш быць палітычным трупам, чым проста трупам”. Яго проста своечасова папярэдзілі.
Мы і цяпер настолькі небяспечныя, што вызначэнне свядомыя прамаўляецца з экранаў са здзекам. Як найвялікшая абраза. Затое з несвядомым мы колькі год боўтаемся ў постсавецкім балоце, і пры гэтым нам штодзень масмедыі паведамляюць, што мы расцём і развіваемся. Пры несвядомым адбываюцца несправядлівыя суды і знікненні палітычных канкурэнтаў, пры ім сілавыя структуры займаюцца не тым, што належыць ім па Кастытуцыі, а палітычным вышукам.
Кажуць, нас даўно падлічылі і ўнеслі ў адпаведныя спісы. Мы жывём сярод шкляных сцен, нашы тэлефоны праслухоўваюцца, нас адсочваюць каля выставы “Пагоня” і каля ўправы БНФ. І вось зноў, спекулюючы на народнай бядзе, апазіцыю спрабуюць размазаць па сценцы. Як быццам помсцяць за ўласныя промахі. Нехта так на выбарах-2010 замахнуўся бізуном, што хвастануў сам сябе па твары (хацелася напісаць — па мордзе, і было б дакладней). У выніку – абняславіліся на ўвесь свет, сапсавалі адносіны з заходнімі краінамі і таго ж загналі сябе ў цесныя абдымкі вялікадзяржаўнага дэмана (па вызначэнні Д.Андрэева).
Успамінаецца паказушная нарада перад самымі выбарамі. Даваў нібыта публічную ўстаноўку. Казаў: “Ляціць муха – няхай ляціць”. Тыпу – усё будзе пад кантролем, у рамках, навошта траціць сілу на слабакоў? Ліцадзействаваў. Усё было спланавана і падрыхтавана. Як той кілер для Зянона. Але снайперу далі адбой, бо Зянон не праходзіў. А наступ “касманаўтаў” са шчытамі і дубінкамі ніхто не адмяніў. Значыць, мы не такія ўжо і слабакі, калі нас баяцца.
Многае з экрана, даўно заўважыла, гаворыцца для адводу вачэй, на абалваненую публіку. Гэтак і пра датэрміновае галасаванне гаварыла Ярмошына: маўляў, прымушаць нельга, як нельга і перашкаджаць. Яшчэ адна артыстка пагарэлага тэатра. Па тэлефоне і з вока на вока яны даюць сваім падначаленым зусім іншыя распараджэнні. Мана, як іржа, праела ўсе звёны лукашэнкаўскай сістэмы, заразіла тысячы людзей, што знаходзяцца на дзяржаўнай службе. У розных сферах, не толькі ў ідэалогіі.
Усё робіцца “для птушачкі”. Фармальна дапытваюць і апытваюць, фармальна вучаць і лечаць (знаёмай намералі 170 ціску, а ў картку запісалі 130). Асноўная задача ўчастковых міліцыянтаў – адбіцца ад заявіцеля і любым коштам палепшыць паказчыкі. І гэтак далей, і гэтак далей… Вось яны, сапраўдныя, а не прыдуманыя “масавыя беспарадкі”, уведзеныя ў сістэму. І ўсё для таго, каб так званы лідэр нацыі не западозрыў сваёй прафнепрыгоднасці.
І цяпер, ведаючы ўсё гэта, жывучы ў неймаверным смуродзе, мы павінны паверыць, што яны “вылічылі” і знайшлі злачынцаў?! І навошта так спяшацца адрапартаваць? Што віну адчуваюць, то несумненна. Але адна мана грувасціцца на другую, адзін абсурд перакрываецца яшчэ большым і не паддаецца аэнсаванню. Некалі гэтая гара рухне і заваліць галоўных натхніцеляў і выканаўцаў. Але, на жаль, пры грамадскіх землятрусах церпяць не толькі вінаватыя…