ДЫК ГАРАЧЫЯ МЫ АЛЬБО ЦЁПЛЕНЬКІЯ?

22 верасня 2011 17:27  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Ёсць на нашым ТВ цікавае шоу пад назвай “Распяканне падначаленых”.  Для гэтага шоу, як і для распякання, асаблівай нагоды не патрабуецца. Памяркуйце: ну што для нашага затурканага насельніцтва  якіясь дзьюці-фры і дзе іх размяшчаць? Ды цьфу на іх, на гэтыя “дзьюці”! Тут бы мяса купіць у краме, а не кулінарыю за астранамічную цану!

 

Затое як гневаецца Самі Ведаеце Хто! Якія грамы і маланкі публічна пасылае на схіленыя  галовы салідных дзядзькоў з партфелямі! Адразу відно: хварэе душой за просты народ.

Наконт нейкага “сіці”, зноў жа, зазлаваў не на жарт. Як быццам у гэтых  раскошных “сіці” жыць будуць тыя, што дзесяцігоддзямі стаяць у чарзе на дзяржаўнае жыллё.

 

Па ўсёй сталіцы набудавана процьма агромністых гандлёвых цэнтраў, якія там і тут засцяць неба. Памерамі яны больш падобны на саборы Санкт-Пецярбурга. Рэлігія ў нас з’явілася новая: культ залатога цяльца. Сярод яе адэптаў шмат люду не мясцовага паходжання. Яны проста рады палавіць рыбку ў мутнай вадзе – ў краіне татальнай хлусні і вялікага бяспраўя.

 

Дарэчы, пра рэлігію. Згадваецца аповяд адной грамадска актыўнай дзяўчыны. Пасля разгону Плошчы да яе звярталіся знаёмыя вернікі з пытаннем, як можна дапамагчы зняволеным. Прычым каталікі і пратэстанты прама выказвалі сваё бачанне і ацэнку падзей, а праваслаўныя паводзілі сябе ўхіліста, адводзілі пагляды. Як быццам спачувалі і асуджалі адначасова. Дык гарачыя мы альбо цёпленькія? І хто сказаў, што ў клірыкаў і прыхаджан не павінна быць выразнай грамадзянскай пазіцыі? Няўжо сапраўды, як пісаў у “Літаратурнай Беларусі” Ігар Тумаш, візантыйская традыцыя абагаўлення любой улады прапітала ўсе поры праваслаўя, увайшла ў яго плоць і кроў. (З-за чаго даўно пакутуе і сама “святая Русь”.)

 

Нездарма хрысціянскія дэмакратыі заходняй Еўропы абапіраюцца менавіта на каталіцкія і пратэстанцкія канфесіі. Чырвоны касцёл традыцыйна збірае жыхароў Мінска на супольную малітву за беларускі народ. Група вернікаў поўнаевангельскай царквы “Новае жыццё” распачала хатнюю малітву – за мужчын, якія трапілі ў пастку алкагольнай залежнасці;  за жанчын, каб яны ўсведамлялі сваю ганаровую місію; за ўсіх, хто нарадзіўся і хоча нарадзіцца на нашай зямлі, за трываласць сем’яў. Лідар царквы Вячаслаў Ганчарэнка звярнуўся з кароткім і паважлівым лістом да начальніка Горацкай калоніі ў абарону Зміцера Дашкевіча. А мы, праваслаўныя, завяжам хусцінкі, апусцім вочы долу і будзем маліцца выключна за ўратаванне ўласнай душы…

 

Сярод беларусаў, веруючых і няверуючых, нямала такіх, у якіх адсутнічае грамадзянскі нерв, якім проста “не баліць” усё, што звязана з палітыкай і грамадскім жыццём. У астатнім яны могуць быць зусім някепскімі людзьмі. Яны зарабляюць свой хлеб надзённы і гадуюць дзяцей. Словы “каштоўнасці” і “перакананні” не з іх лексікона. Аднак у адказныя для нацыі моманты хваля пратэсту здольна падняць і іх, а культура і асвета  – прасвятліць іх розумы.

 

Я аднойчы прызналася  настаяцелю аднаго мінскага сабора, што не разумею, у якой меры можна ўмешвацца ў жыццё. “Калі з чыстым сэрцам – у якой заўгодна”, – адказаў ён.

 

P.S.  Аўтар свядома завастрыла некаторыя моманты і запрашае ўсіх нераўнадушных да дыскусіі.

Болей навін