КАМУНАЛЬНЫ ЦУД

31 кастрычніка 2011 08:50  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Я жыву на вуліцы Лынькова ў доме-“слупку” насупраць Вяснянкі. Якраз на лінію чыгункі выходзяць пажарныя лесвіцы з лоджыямі агульнага карыстання. Даўно вяду барацьбу за парадак і цеплазберажэнне ў гэтым “нічыйным” месцы дома, ад якога залежыць тэмпература і ў нашых кватэрах.

 

І што ж бачу нядаўна? Свежую стружку і зашклёныя дзверы на чорную лесвіцу. Не паверыла сваім вачам.У наш ЖЭС даводзіцца па тры разы званіць, каб яны штосьці зрабілі. А тут – самі!!! Дабраахвотна!!!

 

Аказалася, камунальны цуд стаў вынікам нядаўняй здачы новай лініі электрычкі Мінск – Заслаўе, якую з помпай і рэкламай прымаў Сам. Вось чаму, зразумела я, гаражную тэрыторыю ля пуцей узмоцнена прыбіралі… Вось чаму забялілі графіці на сценах  прылеглых гаражоў… Наводзілі, значыцца, марафет. А дзверы ў нашым і іншых дамах праверылі на прадмет спраўнасці і закрытасці адпаведныя службы. І далі вайсковую каманду ЖЭСу – адрамантаваць. Праца ў іх такая. А то раптам народная любоў згусціцца і матэрыялізуецца ў выглядзе снайпера з дубальтоўкай…

 

Гэтая чыгуначная лінія, праўда, нам падклала свінню ў іншым месцы: яе з двух бакоў перакрылі металёвай агароджай ад пачатку вуліцы да канца Ждановіцкага рынку, а можа і далей. Гэта значыць, што з канечнага пункта 69-га маршрута ўжо не пярэйдзеш да будаўнічых павільёнаў. Так самы блізкі, прылеглы да Жданоў раён аказаўся намёртва закрытым ад рынку і вуліцы Ціміразева. Ні пераезду туды няма, ні зручнага пераходу; толькі адзін ля станцыі электрычкі.

 

Жыхары вуліцы, як мне стала вядома, збіралі подпісы супраць гэтага вымушанага “гета”, як напісана ў калектыўным звароце. Пачакаем адказу ад сталічных уладаў. А пакуль – дзякуй, дзякуй прэзідэнту за зберажэнне цяпла ў нашым доме!

Болей навін