Народны дэпутат Яўген Самсонаў змагаецца за стан возера Алоізберг (відэа, фота)

15 снежня 2011 18:32  |  Рада Народных Дэпутатаў

У мястэчку Падсвілле Глыбоцкага раёна 13 лістапада адбыўся сход, арганізаваны журналістам, сябрам БХД, народным дэпутатам Яўгенам Самсонавым. На сходзе мясцовыя жыхары абмеркавалі стан возера Алоізберг. Праўда, сам Самсонаў не змог прысутнічаць на гэтым сходзе, бо ў Падсвіллі яго чакалі міліцыя і КДБ, каб скласці пратакол за арганізацыю несанцыянаванага сходу.

 

 

У інтэрвію прэс-службе БХД Яўген Самсонаў распавёў: “25 гадоў у гэтым возеры ніхто не купаецца, ракі там зніклі, прыгожае возера ператварылася ў балота. А 25 красавіка там адбыўся мор рыбы. Прыехала інспекцыя, пачалі шукаць ў чым прычына і вынеслі бязлуздае заключэнне: рыба памерла ад пенасычэння кісларода ў вадзе.

 

Вось людзі і пачалі прасіць мяне нешта зрабіць. Я пачаў журналісцкае раследваньне, апытаў людзей, прадпрыемствы. Знайшлі незалежнага эксперта, які сказаў, што, хутчэй за ўсё, вінаватая жыжа з Галубіцкага жывёлагадоўчага комплекса. Мы сабралі актывістаў, ініцыявалі збор подпісаў. Адправілі зварот старшыні палаты прастаўнікоў Андрэйчанку, каб дапамаглі выратаваць возера.”

Сапраўды, з ініцыятывы Яўгена Самсонава каля 200 жыхароў Падсвілля падпісалі зварот да дэпутата палаты прадстаўнікоў ад Глыбоччыны Уладзіміра Андрэйчанкі, просячы дапамагчы спыніць забруджванне возера. І вось Нядаўна Самсонаў атрымаў адказ на  вырашыў давесці яго да ведама падпісантаў. Звярнуўся да старшыні глыбоцкага раённага савета дэпутатаў Валяніціна Сямчонак, каб дазволілі правесці сход. Улады напачатку не пярэчылі правядзенню мерапрыемства, і нават дазволілі сабрацца ў местачковай бібліятэцы. Аднак за некалькі гадзін да сходу стала вядома, што Яўгена Самсонава падазраюць у правядзенні несанкцыяванай акцыі.

Тым не менш, сход адбыўся без Самсонава – у чытальнай залі бібліятэкі сабраліся каля дваццаці чалавек. Прыехалі прадстаўнікі дзяржаўных прыродаахоўных установаў з Глыбокага. Прыйшла старшыня Падсвільскага пасялковага савета Валянціна Пальчанка, якая заявіла прысутным, што сход несанкцыянаваны. Але нікога гэтымі словамі не напалохала.

Перад падсвільчанамі выступіў мясцовы жыхар Мар’ян Місевіч. Ён распавёў пра ініцыятыву па абароне возера Алоізберг, якая ўзнікла летам 2011 года. Па просьбе старшыні пассавета Місевіч зачытаў адказ на калектыўны зварот, які падпісаў міністр прыродных рэсурсаў В. Цалко. Там было напісана, што вада ў Алоізбергу чыстая. “Качественный состав воды не ухудшился…”. “Піць можна”, – з іроніяй адазваўся нехта з прысутных. “Мониторинг будет продолжен…” . “Члены камісіі будуць купацца ў возеры”, – пажартаваў спадар Мар’ян.

Пасля зачытання адказу пачалося гучнае абмеркаванне. Мясцовыя жыхары распавялі пра розныя крыніцы забруджвання возера. Па іх словах, бруд цячэ з вінзавода, які стаіць на беразе, і са сценаў якога тырчаць сцёкавыя трубы. Каля рэчкі Галубіцы, што ўпадае ў возера знаходзіцца звалка. Смецце скідвалі ледзьве не ў самую раку. Сёлета каля самай ракі сельскагаспадарчае прадпрыемства складзіруе гной.

Вясной на паверхні возера было шмат загінулай дробнай рыбы. “Малёк памёр. Усё возера было ў мальку. Я выклікаў інспекцыю. Яны прыехалі, памерылі і паехалі. А тым часам возера ад гною пераліваецца як вясёлка. Сцяпанавіч выехаў – лодка аж перафарбавалася”, – голасна абураецца рыбак Анатоль. Прыродаахоўная інспекцыя заявіла, што рыба гінула ад перавышэння канцэнтрацыі кіслароду, а рыбакі кажуць, што бачылі, як у возера цякла гнаявая жыжка з жывёлагадоўчага комплекса.

Падсвільчане прыгадалі аварыі з мінулых гадоў, у выніку якіх брудныя сцёкі траплялі ў возера і з помпавай станцыі камунгаса, і са льнозавода, і з ачысных збудаванняў, і з фермаў. “У наша возера людзі баяцца сунуць нагу”, – кажа Мар’ян Місевіч.

Падсвільчанін Сцяпан, які жыве каля берагу Алоізберга, паказаў прысутным фотаздымак зроблены ў 1957 годзе. На фота – бераг Алоізберга ў цэнтры Падсвілля. Бераг акуратны, мосцік і прыстань для лодак. Цяпер у гэтым месцы ўсё зарасло і накідана смецця. “Я змагаўся за былы піянерскі пляж. Сам абкошваў яго. Хадзіў у ЖКГ, прасіў каб урну для смецця паставілі – не паставілі. Сам бочку прынёс і прывязаў ланцугом, каб не знеслі”, – кажа Сцяпан.

Як высветлілася, возера – не адзіная экалагічная праблема ў Падсвіллі. Качагарка вінзавода, у якой зменшылі вышыню трубы, дае шмат дыму на мястэчка. “У нашым двары дыхаць няма чым. Снег чорны ад сажы. А вясной усё сцякае ў возера”, – кажа жыхарка Падсвілля.

“Мы будзем шумець, пісаць, але мясцовая ўлада павінна нас падтрымліваць. Бо нам, па новых законах, больш за трое нельга збірацца”, – кажа Мар’ян Місевіч. Прадстаўнікі ўлады сядзелі ціха ў канцы залі і толькі напрыканцы сходу ўзялі слова.

Начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў Мікалай Кміта на словах падзяліў заклапочанасць станам возера. “Вось што крыўдна: ЖКГ зрабіла праект ачысных збудаванняў, але ніхто не дае грошай на іх пабудову. У адказе пішуць, што яны будуць пабудаваныя ў 2014-м годзе, але раней я бачыў планы пачаць пабудову ў 2012-м”, – заявіў чыноўнік.

“Сфатаграфуйце, калі будзе цячы з трубаў вінзавода, адрэагуем адразу”, – дадаў М. Кміта. Нехта спытаў у яго, чаму аналізы вады бяруць далёка ад крыніц забруджвання. “У санстанцыі ёсць стандарты і ёсць кропкі маніторынгу, па-за якімі яны не бяруць аналізаў”, – адказаў чыноўнік.

Напрыканцы сходу была прынятая рэзалюцыя з патрабаваннем да  мясцовай ўлады дапамагчы ў аднаўленні возера. Тэзісы рэзалюцыі зачытаў Мар’ян Місевіч: “Адказ, які мы атрымалі, лічым за адпіску. Патрабуем рэгулярнага маніторынгу стану вады. Просім паскорыць будаўніцтва ачысных збудаванняў”. Старшыня пассавета параіла напісаць больш мякка. “Навошта больш мякка?”. Ніхто больш не выказваў заўвагаў рэзалюцыю прынялі.

Змаганне за возера Алоізберг, верагодна, будзе мець працяг.

 

Фота Кастуся Шыталя:

 

1. Возера Алоізберг.
2. Мар’ян Місевіч чытае падсвільцам афіцыйны адказ на зварот пра стан возера.
3. На сход прыйшло каля дваццаці падсвільчанаў.
4.Бераг возера Алоізберг, 1957 год
5.Тое ж самае месца, 12.11.2011.
6.Адна з трох трубаў у сцяне падсвільскага вінзавода. Фота Кастуся Шыталя

 

Народны дэпутат Яўген Самсонаў змагаецца за стан возера Алоізберг (відэа, фота)

Народны дэпутат Яўген Самсонаў змагаецца за стан возера Алоізберг (відэа, фота)

Народны дэпутат Яўген Самсонаў змагаецца за стан возера Алоізберг (відэа, фота)
Народны дэпутат Яўген Самсонаў змагаецца за стан возера Алоізберг (відэа, фота)
Народны дэпутат Яўген Самсонаў змагаецца за стан возера Алоізберг (відэа, фота)
Народны дэпутат Яўген Самсонаў змагаецца за стан возера Алоізберг (відэа, фота)

Болей навін