Гомельскі актывіст дамогся знікненя “дошкі ганьбы”

01 снежня 2011 14:59  |  Рада Народных Дэпутатаў

Актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” з Гомеля Андрэй Папоў дамогся знікнення “дошкі ганьбы” на ААТ «Гомельдрэў».

 

15 лістапада 2011 Андрэй Папоў накіраваў у Камітэт дзяржкантролю па Гомелю і вобласці скаргу на злоўжыванні на ААТ «Гомельдрэў».

 

Дырэкцыя прадпрыемства размяшчала на інфармацыйным стэндзе прозвішчы асоб, працоўных ААТ «Гомельдрэў», звольненых з працы за ўжыванне спіртнога на працоўным месцы альбо ў працоўны час.

 

Актывіст БХД, які раней момант працаваў у службе аховы прадпрыемства, неаднаразова звяртаў увагу кіраўніцтва аховы на відавочнае парушэнне права людзей на канфідэнцыяльнасць, але заўвагі Папова ігнараваліся.

 

Сам А.Папоў быў вымушаны звольніцца з прадпрыемства, калі начальству стала вядома  пра яго неаднаразовыя затрыманні і актыўную грамадскую дзейнасць. Скаргу актывіст падаў пасля звальнення, даведаўшыся ад  былых калег, што «дошка ганьбы» ўсё яшчэ функцыянуе.

 

Вынікам працы А.Папова стаў адказ адміністрацыі Навабеліцкагараёну Гомеля, куды была накіравана скарга актывіста. Прагледзеўшы матэр’ялы звароту, намеснік кіраўніка адміністрацыі В.Е.Рабянок накіраваў на ААТ «Гомельдрэў» ліст генеральнаму дырэктару Генадзю Каротчанку, у якім прапанаваў не выкарыстоўваць інфармацыйныя стэнды для размяшчэння інфармацыі аб звольненых працаўніках.

 

«Заклікаю ўсіх, хто ўбачыць такі рудымент савецкага мінулага, як «дошка ганьбы», звяртацца ў дзяржаўныя структуры і СМІ. Маўчаць пра гэта нельга, бо чалавек, што трапіў на «дошку ганьбы» можа выправіцца, а інфармацыя пра ўчынак, вядомая ўсім, нашкодзіць яму праз многа гадоў, калі патрапіць, напрыклад у сусветную павуціну. Перамагчы, як мы бачым, можна—трэба толькі жаданне!» – адзначыў Андрэй Папоў.

Болей навін