Таццяна Севярынец другі год змагаецца за добраўпарадкаванне Віцебску

08 снежня 2011 07:55  |  Рада Народных Дэпутатаў

Віцебская абласная каардынатарка аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Таццяна Севярынец у межах кампаніі БХД “Рада народных дэпутатаў” ужо другі год змагаецца за тое, каб у Віцебску вырашылася сітуацыя з мясцовым домам культуры будаўнічага трэсту №9 па вуліцы Ганчарова.

 

Яго будынак, пабудаваны ў стылі сталінскага ампіру, ужо не выкарыстоўваецца больш за 10 гадоў. На яго руінах жывуць бяздомныя, і міма яго страшна хадзіць дарослым, а дзеці неаднаразова ламалі рукі-ногі, спрабуючы гуляць у руінах. Гэта вельмі непакоіць усіх, хто ходзіць і жыве побач. Прытым гэта амаль цэнтр Віцебска. Каб выправіць становішча, Таццяна Севярынец сабрала больш за 100 подпісаў жыхароў навакольных дамоў і накіравала іх у Гарсавет, Гарвыканкам і мясцовыя газеты. Дзве з трох газет надрукавалі звароты грамадзян.

 

Улетку 2010 года ўлады правялі сход з удзелам жыхароў і прадстаўнікоў фірмы “Кравіра”, якая за два гады да таго набыла будынак. Фірма паабяцала выправіць сітуацыю і пачаць будаўніцтва на гэтым месцы жылога дома і культурна-дзелавога цэнтру. І, сапрўды, неўзабаве будынак абнеслі стужкай, пасля таго, як яе прарвалі – сеткай, павырубалі дрэвы. Але на гэтым актыўнасць уладаў і ўладальнікаў скончылася, а будаўніцтва так і не распачалося.

 

Як высветліла Таццяна Севярынец, праект будаўніцтва быў вельмі дарагім і ва ўмовах эканамічнага крызісу на яго не хапіла сродкаў. У сваю чаргу гарвыканкам за спазненне ў будаўніцтве тройчы аштрафаваў “Кравіру” на вялікія сумы, запатрабаваўшы ад яе ў сярэдзіне лістапада альбо нарэшце ўзяцца за будаўніцтва, альбо адмовіцца бясплатна ад валодання будынкам.

 

“У кастрычніку я стэлефаноўвалася з начальніцай аддзелу па кіраванні камунальнай уласнасцю Віцебскага гарвыканкама Маргарытай Пасюцінай. Яна сказала, што хутка ўсё вырашыцца, і спаслалася на эканамічныя праблемы з-за крызісу. Але пакуль усё на тым самым месцы. Я разумею, што будаўніцтва шмат каштуе, і цягнецца не адзін дзень, а ва ўладаў нават няма грошаў, каб знесці будынак. Тым не менш, я працягваю вельмі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца”, – адзначыла Таццяна Севярынец.

 

Нагадаем, што 7 лістапада аргкамітэт БХД даў другі старт кампаніі Рада народных дэпутатаў, якая прадугледжвае, што актывісты, якія паводле афіцыйных вынікаў не ўвайшлі ў мясцовыя саветы дэпутатаў, самастойна зоймуцца мясцовымі праблемамі ў беларускіх рэгіёнах.

Болей навін