Дэпутат ад БХД спрабуе вырашыць праблемы з асвятленнем у Асіповічах

08 снежня 2011 08:58  |  Рада Народных Дэпутатаў

Прадстаўнік аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, дэпутат асіповіцкага райсавету Аляксей Цюлькоў у межах кампаніі БХД “Рада народных дэпутатаў” спрабуе вырашыць пытанні з дваровым асвятленнем у сваім горадзе.

 

Паводле яго словаў, у Асіповічах вельмі шмат раёнаў, дзе ў дварах зусім не працуюць ліхтары. Аляксей Цюлькоў паведаміў, што ў гарадскіх уладаў, у Райжылкамунгаса ва ўмовах эканамічнага крызісу і сталага скарачэння раённага бюджэту папросту не хапае сродкаў, каб вырашыць праблемы з дваровым асвятленнем. Як адзначыў дэпутат ад БХД, безумоўна, можна разабрацца з адным-двума ліхтарамі, але сітуацыю ў горадзе гэта не палепшыць.

 

У гэтай сувязі Аляксей Цюлькоў у адным з двароў спрабуе рэалізаваць праект аб перадачы дваровых ліхтараў у кааператыўную ўласнасць жыхароў. Сілкаваць ліхтары дэпутат прапануе сонечнымі батарэямі, якія можна было б усталяваць у дварах.

 

“Калі ліхтары знаходзяцца ў камунальнай уласцнасці, вельмі складана прыцягнуць прыватныя сродкі, сродкі з якіх-небудзь фондаў і гэтак далей. У дачыненнях жа з кааператыўнай уласнасцю гэта зрабіць значна прасцей. У мяне ўжо ёсць напрацоўкі, з кім і як гэта зрабіць. Калі ўсё будзе добра, дык праз 2-4 месяцы мы здолеем рэалізаваць праект”, – адзначыў ён.

 

“Пытанне перадачы ліхтароў у кааператыўную ўласнасць пакуль яшчэ да канца невысветленае. Неабходна, каб усе жыхары падтрымалі гэты праект, каб пазней не было ніякіх непаразуменняў. Пакуль ёсць толькі вусныя дамовы, неабходна ж заключыць пісьмовую агульную дамову, якая б юрыдычна была правільна аформлена і мела юрыдычнае абгрунтаванне”, – паведаміў Аляксей Цюлькоў.

 

Дэпутат таксама падкрэсліў, што перадача ліхтароў з камунальнай у кааператыўную ўласнасць вызваліла б сродкі камунальшчыкаў, якія можна было б скіраваць, напрыклад, на адукацыю і ахову здароўя.

Болей навін