Улады не зацвердзілі народнага дэпутата з Мастоў старшынём жыллёвага кааператыву

13 снежня 2011 21:13  |  Рада Народных Дэпутатаў

Гарадскія ўлады мястчэка Масты не зацвердзілі народнага дэпутата, сябра аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Змітра Кухлея старшынём жыллёвага кааператыву.

 

Напрыканцы 2009 году ён узначаліў адзін з жыллёвых кааператываў гораду. Бачачы яго актыўную дзейнасць, да Змітра Кухлея з просьбай дапамагчы і ім пачалі звяртацца жыхары іншых дамоў. У выніку сябар БХД узначаліў яшчэ два кааператывы. Аднак напрыканцы 2010 года Лукашэнка выдаў загад, які прадугледжвае, што ўсе старшыні жыллёвых кааператываў павінны зацвярджацца мясцовымі ўладамі. Пры гэтым улады не абавязаны абгрунтоўваць адмову.

 

“Дадзены ўказ з’явіўся таму, што кааператывы ўзначальвалі не тыя людзі, людзі, няўгодныя ўладам. Я дапамагаў адстойваць інтарэсы жыхароў, абараняў іх перад уладамі і камунальшчыкамі. Некалькі разоў у нас атрымлівалася зменшыць выплаты жыхароў, адстаяць іх інтарэсы ў судзе”, – паведаміў актывіст.

 

“Пасада старшыні кааператыву з’яўляецца выбарнай. У адным доме ў выбарах старшыні ўдзельнічае каля 60 уладароў кватэр. У сярэднім у кватэры жыве 3-4 чалавекі. Калі ў кааператыў уваходзіць 5-6 дамоў, дык колькасць іх жыхароў складае прыблізна 1000 чалавек. А гэта цэлая выбарчая акруга. Таму нядзіўна, што ўлады вырашылі не дапусціць няўгодных ім людзей на падобныя пасады”, – падкрэсліў ён.

 

У 2007-2010 гадах Зміцер Кухлей быў дэпутатам мясцовага савету, але ўлады не далі яму пераабрацца. У 2010 годзе да ўсяго іншага ён узначаліў нефармальны орган кіравання аднаго з дамоў горада – раду жыхароў. Нягледзячы на пратэсты ідэолага, актывіст па-ранейшаму працягвае старшынстваваць у ёй.

Болей навін