ГАРАЧЫ ЧАС ЗІМЫ
Пачатак каляндарнай зімы, золь і вецер, а ў нас гарачы час падрыхтоўкі да яшчэ аднаго з’езда. Наша грамадскае аб’яднанне зноў выказвае гатоўнасць стаць масавай партыяй, быць прызнаным як партыя. Не перастаю здзіўляцца, якія адданыя ў нас сябры і прыхільнікі. Не буду ўтойваць: ёсць і такія, што адхіснуліся, хто элементарна запалоханы. Але большасць – з намі!
Старэйшыя запрашалі да сябе ў кватэры, маладзейшыя прапаноўвалі спаткацца дзесьці ў горадзе або самі прыязджалі да майго дому. Сярод іх сталыя пары і жанчыны з малалетнімі дзецьмі, пенсіянеры і адстаўнікі, годныя каталічкі і дзелавыя пратэстанты, прадпрымальнікі і студэнты… Шмат юнакоў, якія пазначаюць у падпісным лісце ”часова не працую”. З двума такімі хлопцамі я сустракалася сутоннем ля метро. Яны доўга чакалі мяне і добра-такі змерзлі. Па ўзросце амаль што аднагодкі майго ўнука. Мяне ўразілі іх адкрытыя твары, іх прыязныя ўсмешкі, а ў вачах, падалося, цеплілася надзея – надзея на тое, што не ўсё так кепска, бо не ўсіх спаралізавала грамадская апатыя.
Пад уражаннем гэтай сустрэчы з неабыякавай моладдзю і напісаўся наступны верш.
ВОЛЯ – ЯК СОНЦА
Моладзі БХД
Трое на вуліцы.
Гэта падобна на сходку.
Мы аднадумцы,
Нас можна браць і вязці.
Нашу кідае на хвалях
Агульную лодку,
Быў і дзевяты мо вал
У грамадскім жыцці.
Выстаяць. Вытрымаць.
Разам налегчы на вёслы.
Сябра руку ухапіць,
Каб не знесла на дно.
Будуць яшчэ ў вас, упэўнена,
Вольныя вёсны.
Воля – як сонца,
Хоць покуль яго не відно.