Глыбоцкі райвыканкам адказаў народнаму дэпутату ад БХД
Старшыня райвыканкама Алег Морхат заявіў, што гэта кампетэнцыя раённага савета дэпутатаў.
Таксама ён адзначыў, што такія пытанні вырашаюцца на мясцовых рэферэндумах. Пра гэта чыноўнік паведаміў у лісце на імя глыбачаніна Змітра Лупача.
Нагадаем, што група глыбачан прапаноўвала даць іншыя назвы вуліцам з савецкімі найменнямі. У прыватнасці, прапаноўвалася перайменаваць частку вуліцы Леніна ў Замкавую, другую частку гэтай вуліцы назваць Віленскай — бо гэта гістарычныя назвы гэтых вуліц. Вуліцу Маскоўскую, якая вядзе ў бок беларускай сталіцы, прапаноўвалі назваць Мінскай. Вуліцу Савецкую — Беразвецкай, бо яна калісьці злучала Глыбокае з Беразвеччам, паселішчам, якое зараз знаходзіцца ў гарадской рысе.
Адказ чыноўніка Лупач лічыць звычайнай адпіскай і сведчаннем таго, што ўлада проста не хоча займацца перайменаваннем вуліцаў. На яго думку, нішто не перашкаджала чыноўнікам пераслаць зварот глыбачан у райсавет, бо знаходзяцца яны ў адным будынку.
Тым не менш, глыбачане не збіраюцца спыняць свае высілкі па перайменаванні вуліц з савецкімі назвамі.