Прафесійная, але пустая дзея

30 сакавіка 2012 10:23  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Наведванне тэатра – заўсёды свята. Нават калі мэты ў гледачоў розныя: хтосьці ідзе спрычыніцца да сапраўднага мастацтва, а хтосьці – прыемна правесці час. Мы выбраліся цэлай групай, і ўсе былі, мякка кажучы, расчараваныя. Дзівіліся асобным сцэнам, выказвалі заўвагі, успаміналі, якім тэатр быў раней… Прыкрасць і недаўменне – вось асноўныя нашы эмоцыі пасля спектакля не ў якім-небудзь шэраговым – у купалаўскім тэатры сталіцы.

 

На электронны адрас Міністэрства культуры РБ назаўтра ж быў адпраўлены ліст наступнага зместу.

 

“На 22 сакавіка я мела неасцярожнасць набыць білеты для сябе і  сваіх сяброў на новы спектакль тэатра імя Янкі Купалы “Калядная ноч”. Гэтае відовішча – як і ўсё, што адбываецца апошнім часам у Беларусі – выклікала ў мяне маркоту і ўпадак духа. Бо акрамя ўкраінскіх песень і яркай сцэнаграфіі, там не было нічога вартага былой славы тэатра.

 

Відаць, пастаноўшчык доўга шукаў твор для ўвасаблення, і лепшага сцэнічнага матэрыялу, каб праявіць сваю маральную амбівалентнасць, ён знайсці проста не мог. Мне проста шкада акцёраў, змушаных “выціскаць” змест і сэнс там, дзе іх не можа быць па вызначэнні.

 

Я разумею, ад тэатральнага лубка многага чакаць не даводзіцца, але ўсё пабачанае на сцэне, на жаль, нават не забаўляе. Перад намі прафесійная, але цалкам пустая, расцягнутая дзея з бясконцым грукатам у дзверы і пераносам карзін, разбаўленая скокамі і распіццём спіртнога. Ніякія фармальныя знаходкі (тыпу лялечнай мізансцэны ў другой дзеі) не апраўдваюць  псавання грамадскіх нораваў і густу за  немалыя  бюджэтныя сродкі.

 

Не парадавалі і акцёры. Такі галасавы фарсавы перабор (у персанажаў другога плану) можна пачуць хіба на самадзейнай сцэне, ды і там пачуцця меры бывае болей. “Нячысцік” бессаромна “косіць” пад маладога Манаева і сваім крыўляннем канчаткова дэскрыдытуе спектакль. На месцы рэжысёра я падкарэкціравала б гэты вобраз, бо зло цяпер іншае, больш рэспектабельнае, а Гогаль у труне і без таго перавярнуўся.

 

Лічу, што наяўнасць у рэпертуары спектакля такога нізкага ідэйна-мастацкага ўзроўню вымагае ад міністэрства большай увагі да дзейнасці акадэмічнага тэатра. Прашу – як мінімум – давесці мой ліст да ведама купалаўцаў.

 

З павагай – Галіна Каржанеўская, пісьменніца”

 

Адзін станоўчы момант у нашага культпаходу ўсё-ткі быў: мы на свае вочы пабачылі, што ўсеагульны заняпад дабраўся і да сферы тэатра. Калі б у грамадскасці быў меней заціснуты рот, то можна было б звярнуцца з лістом у “Звязду”, “ЛіМ” ці яшчэ якую газету. Але ў дзяржаўныя выданні, як вядома, можна пісаць ці пра добрае, ці нічога…

Болей навін