Перамог здаровы сэнс
220 наведвальнікаў нашага сайту паўдзельнічалі ў апытанні на тэму: “Ці трэба змагацца з перадачай пра экстрасенсаў?”(Маецца на ўвазе “Бітва экстрасенсаў”, якая ідзе на 2 канале БТ.) Думкі разышліся. 49 чалавек звязваюць перадачу з магіяй і таму адназначна супраць. Там сапраўды прысутнічае магічны антураж: чарапы жывёл, нажы, карты, талісманы, а ўдзельнікі прадстаўляюцца “патомнымі відушчымі”, “праваслаўнымі ведунамі” і нават “чорнымі магамі”ды “калдунамі”. Не цяжка ўявіць, чым яны зарабляюць на хлеб у прыватным жыцці, але ў межах перадачы ўсе іх прычындалы служаць выключна для таго, каб увесці сябе ў транс, а яшчэ каб уразіць і здзівіць гледачоў. Тым не менш, ёсць усе падставы гаварыць аб прапагандзе магіі, што не ёсць добра.
40 чалавек з тых, хто “клікнуў” тую ці іншую пазіцыю, проста не вераць у існаванне паранармальных здольнасцей. Гэта такое ж права асобы, як верыць або не верыць у НЛА, снежнага чалавека, рэінкарнацыю, у тое, што Ісус да 30 год знаходзіўся ў Індыі, і таму падобнага. Хто сам хоць аднойчы сутыкнуўся блізка са з’яваю яснабачання, з “падказкамі” знешяга свету, з іншымі падобнымі рэчамі, не бачыць у іх нічога надзвычайнага.
Мабыць, якраз такая катэгорыя апытаных (40 нашых рэспандэнтаў) лічыць, што магія і экстрасенсы маюць права на існаванне. Заўважу, што два гэтыя паняцці трэба раздзяляць. Усе віды экстрасенсорыкі звязаны з павышанай адчувальнасцю чалавека, якая можа быць альбо прыроджанай, альбо развіваецца пасля вялікіх стрэсаў (клінічная смерць, удар маланкі і т.п.) Экстрасенс умее настроіцца на іншага чалавека і адчуць на сабе яго псіхічны і эмацыянальны стан, яго хваробы, страхі, адчувае “нячысты дух” у мясцовасцях і кватэрах. Ён не адгадвае, а “счытвае” інфармацыю.
25 чалавек не мае свайго меракавання па заяўленай тэме, бо проста не глядзіць “Бітву”. А 35 падтрымалі думку, што на Беларускім тэлебачанні паказваюць і больш шкодныя для душы перадачы. Сярод іх, трэба разумець, амерыканскія баевікі і трылеры, пад якія падладжваецца зараз расійская кінаіндустрыя і часткова еўрапейская. Узрывы, бойкі, кроў, распуста, гвалт настолькі запаланілі блакітны экран, што гэта ператвараецца ў нейкую неаб’яўленую вайну супраць будучыні. А на маю думку, дык вельмі шкодная перадача – гэта мясцовыя навіны і палітычныя агляды, якія, быццам крывое люстэрка, ствараюць скажоны вобраз рэчаіснасці.
“Забаронамі нічога не дасягнеш”, — лічаць 14% удзельнікаў апытання. І таксама маюць рацыю. Ды і хто ў Беларусі сённяшняй лічыцца з нашай грамадскай пазіцыяй, з нашымі поглядамі? (Якія, да таго ж, недзе выказаць.) Ніводзін з каналаў БТ даўно не выдае родным гледачам свой адрас. Яшчэ і праўда – возьмем ды напішам усё, што мы пра іх думаем…
І на завяршэнне: электронныя СМІ шмат што выкарыстоўваюць у сваіх мэтах: надзвычайныя здарэнні, канфлікты, прыватнае жыццё славутасцей, усемагчымыя людскія вычварэнствы. А найбольш яны любяць усё таямнічае, таму і ўхапіліся за экстрасенсаў. (Хаця, верагодна, гэтае шоу прыдумалі не ў Расіі, а на Захадзе.) А экстрасенсы – пры ўсіх іх сапраўдных і ўяўных здольнасцях – насамрэч такія ж людзі, як усе мы. Яны плачуць і злуюцца ў кадры, жорстка спаборнічаюць паміж сабой, імкнуцца спадабацца вядучым. Бывае, што адмаўляюцца бачыць тое, што з’яўляецца для іх стрэсавым фактарам. І радуюцца, як дзеці, абдымаючы тых, каму дапамаглі інфармацыяй ці псіхалагічна. Чалавек слабы. У сітуацыі, калі няма надзеі, калі зайшла ў тупік крымінальная справа, калі цяжка перажыць гібель ці знікненне блізкага, адно слова можа быць лекамі, павязкай на раны. І калі хоць адзін экстрасенс дапамог хоць аднаму пакутніку, калі хоць адзін глядач задумаўся пра неспасціжымае людскім розумам, — то навошта нам прыпадабняцца да храбрага ідальга ды ваяваць з млынамі?
Будзем лічыць, што ў нашай “бітве меркаванняў” перамог здаровы сэнс.