Еўрапейскі суд
Тэрарыст Брэйвік на лаве падсудных. Не ў жалезнай клетцы, а пасярод адвакатаў. Не абколаты, не збіты, не запалоханы, без чорных кругоў пад вачамі, здольны адчуваць і рэагаваць. І хоць ён прымусіў сябе сядзець, калі ўсе ўсталі на пачатку паседжання, суддзі паціснулі яму руку. Не ў знак павагі, як могуць падумаць некаторыя, а ў знак прызнання права грамадзяніна Нарвегіі на суд па Законе, на еўрапейскі суд.
Як ні дзіўна, менавіта кадры з першага дня суда, распаўсюджаныя па свеце, яшчэ раз паказалі нам усю дзікасць нашай праваахоўнай і судовай сістэм – з іх пераводамі ў выглядзе “ластаўкі”, з “расцяжкамі” палітычных, з сярэднявечным здабыццём доказаў, расстрэламі ў духу 30-ых і многім іншым. З верхавенствам беззаконня і асабістай помслівасці.
Мы не ведаем, калі харызматычны нарцыс Брэйвік зрабіў выбар паміж дабром і злом. (Ён яго занадта фатальна і яскрава прадэманстраваў.) Мы не ведаем, калі сённяшні кіраўнік Беларусі, бацька трох сыноў, зрабіў свой галоўны для чалавека, сутнасны выбар. Мы не можам ведаць, што яго чакае ў перспектыве: забяспечаная старасць у цёплай краіне, клетка для крымінальніка або два адвакаты па баках. І ці паціснуць яго руку суддзі. (Калі нашы, то пэўна ж – не.) Адно відавочна: не можа сучасная Беларусь пазіцыянаваць сябе як еўрапейская дзяржава. Геаграфія тут ні пры чым.
БРЭЙВІК НА СУДЗЕ
Тонкай рукою раз-пораз
Ён выціраў слязу,
Гледзячы відэа,
На якім выглядаў
Шчаслівым і вольным –
Ну проста звышчалавекам.
Ён плакаў па тым,
Чаго нельга вярнуць,
Бо сам, пасярэдзіне лета,
Раптам панішчыў усё –
Разам з мінулым і будучым –
Тонкай рукою забойцы.
Душы забітых
З жахам глядзелі
Гэта нямое кіно.