Чыноўнік: мы ня можам вам адказаць, бо вы не паставілі подпіс (фота)

05 чэрвеня 2012 15:32  |  Рада Народных Дэпутатаў

Чыноўнікі Менгарвыканкаму адмовіліся паўторна даслаць адказ на зварот сябра аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Максіму Гацаку, паколькі ён у сваім звароце забыўся паставіць подпіс.

 

“У Вашым звароце адсутнічае асабісты подпіс і ў адпаведнастці з абзацам другім пункта 1 артыкула 15 Закона Ваш зварот пакінуты без разгляду па сутнасьці”, – адзначыў кіраўнік справамі Менгарвыканкаму М.А.Котаў.

 

У сваім звароце актывіст прасіў менскія ўлады даслаць яму паўторна адказ на яго зварот ад 1 лютага, які ўлады нібыта даслалі яму 22 лютага. Аднак на дадзены момант Максім Гацак таго адказу так і не атрымаў. У сваім звароце 1 лютага ён прасіў Адміністрацыю Кастрычніцкага раёну паведаміць яму аб выніках разгляду адміністратыўнай справы ў дачыненні да ТАА “Белмерыдыян”, узбуджанай па факце парушэньня фірмай заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны – незаконным зьмяненьні зьнешняга выгляду дому, у якім пражывае актывіст.

 

“Тое, што ўлады ня могуць мне паўторна даслаць адказ, сведчыць, што яны па-просту ня хочуць гэтага рабіць. Адсутнасць подпісу – не прычына, а проста зачэпка. І гэта дае падставы меркаваць, што нібыта адасланы імі адказ ня проста так не дайшоў да мяне”, – лічыць ён.

 

Нагадаем, што адным з вынікам перапіскі актывіста з уладамі стала тое, што яны заклікалі жыхароў дамоў па адрэсах вул. Кірава 1, Ленінградзкая 3 і 5, Сьвярдлова 22, 24 і 26, Ульянаўская 29 і зав. Міхайлаўскі 4 “азнаёміцца зь пералікам гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і зь дзеючым заканадаўствам у сфэры аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама аформіць ахоўныя абавязацельствы”.

 

Чыноўнік: мы ня можам вам адказаць, бо вы не паставілі подпіс (фота)

Болей навін