Галіна Каржанеўская. За рысаю дабра і зла
Хто б як ні ставіўся да байкоту, але большасць беларускіх выбаршчыкаў даўно зразумела, як улада зляпала калабок пад назвай “парламенцкія выбары”. І ад дзядулі ён збег, і ад бабулі, і ад шэрага ваўка, а цяпер радасна пацірае рукі.
Фальклор з вечна галоднай воўчай пародай абышоўся несправядліва. Ваўку не пазайздросціш: загнаны, абылганы, аточаны сцяжкамі, занесены ў Чырвоную кнігу многіх постсавецкіх краін, нялюбы ўсімі… А які ж неабходны ў грамадскім лесе!
Не паспелі спакавацца і заклеіцца бюлетэні, як апазіцыю зноў пачало трэсці. Недальнабачныя, якія збіраліся ісці “да канца” і аказаліся за бортам, вымушаны шукаць вінаватых. (Трэба ж неяк твар захаваць.) І знайшлі-такі. Падключыліся аналітыкі мясцовага разліву, і пачалося самае цікавае: неяк дзіўна змясціліся акцэнты. Гаворка пераведзена ў іншую плоскасць: дыскутуюць не пра легітымнасць Палаты прадстаўнікоў, а пра тое, быў байкот ці не. Як быццам адсутнасць альбо наяўнасць байкоту неяк мяняе якасць і законнасць чарговай выбарчай кампаніі!
Першымі адпісаліся на сайтах назіральнікі ад партыйных структур. З-за аператыўнай інфармацыі пра парушэнні на ўчастках быў заблакаваны на трое сутак сайт хрысціянскай дэмакратыі. Затое галоўная з апазіцыйных газет не ўзяла ў відавочцаў ніводнага інтэрв’ю — ні за кубачкам кавы, ні без. 23 верасня яе карэспандэнты, трэба разумець, адпачывалі. Не падаюць голасу і каардынатары назіральнага працэсу. Няясна, ці апрацаваны і выкарастаны імі звесткі, пададзеныя шматлікімі назіральнікамі.
Замест таго, каб інфармаваць шырокую грамадскасць пра фіктыўнасць выбараў, прад’яўляюцца прэтэнзіі да апазіцыянераў, што праскочылі ў выбарчыя камісіі: навошта падпісалі выніковыя пратаколы. Я не ведаю, якая правіна большая — падпісаць дзе-небудзь на раёне пратакол альбо закрыць вочы на павальныя прыпіскі галасоў па рэспубліцы. І тут дроў у печ падкінулі сацыёлагі НІСЭПД. Справа не ў іх, сацыёлагаў, сумленнасці і не ў спакусе паставіць яе пад сумненне, як сцвярджае А.Класкоўскі. У гэтага даследавання не можа быць валіднасці з прычыны ўкарэненага ў грамадства страху перад палітыкай.
Звяртаецца, дапусцім, чужы чалавек з пытаннем, ці заганялі мяне на выбары. Не, мяне далікатна папрасілі. Альбо выправілі за тры гадзіны да сканчэння працоўнага дня. А мо паабяцалі дадатковы выхадны ці адгул. Прасіла ж адна студэнтка на 135-м мінскім участку даць ёй даведку, што яна прагаласавала датэрмінова! Людзі звычайна ўнікаюць падобных пытанняў, чакаць ад іх шчырасці ў нашых варунках — абсурд. Дык у чым тады заключаецца прафесійнасць сацыёлагаў, калі можна ігнараваць відавочнае?
І ўжо зусім абразіла мяне дапушчэнне Ю.Дракахруста (са слоў таго ж Класкоўскага), што палітычныя актывісты, “р’яна” выступаўшыя за байкот, знарок маглі недалічыць выбаршчыкаў. Ну якая магла быць у мяне як назіральніка “крэўная зацікаўленасць” ставіць няправільна кропачкі ў сшытку?! Мы як на працу ездзілі ў тую лошыцкую школу, адсочвалі хібы, пісалі скаргі… Мой напарнік у асноўны дзень не адышоўся нават у буфет, каб хаця каго не прапусціць. Такая аналітыка, панове, кепска пахне! Не раўняйце нас з ангажаванымі дзяўчаткамі з камісій.
І яшчэ адзін опус, які просіцца пад каментар. Маўляў, назіранне адсутнічала ў вёсках, дзе жыве чвэртка насельніцтва, і гэта нібыта паўплывала на разыходжанне дадзеных у сацыёлагаў і прыхільнікаў байкоту. У вёсках арганізаваны падвозы, там галасуюць пагалоўна. А калі не, то назіральнікаў у камісіях паўсюль навучыліся абыходзіць. Мы заміналі толькі тым, што трымалі ў напружанні і не давалі палялякаць пра сваё, жаночае. Вось чаму пры першай жа магчымасці прышлых са зларадствам выганялі з участкаў. Пашлі хоць дзесяць актывістаў у якое мястэчка, а старшыня камісіі сядзе пад аховай міліцыянта і напіша ў пратаколе столькі, колькі трэба. (Пры тым, што рэальная колькасць дарослага насельніцтва трымаецца ў сакрэце.)
Падкідванне бюлетэняў у скрыню і падробка подпісаў выйшлі з моды. Усе гэтыя нязручнасці замяніла элементарнае шчоўканне на калькулятары. Тактыка фальсіфікатараў, як бачым, памянялася, і гэтая тактыка не ўкладваецца ў свядомасць: яна за рысаю дабра і зла.