Запалоханыя

29 студзеня 2013 16:00  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Два таленавітыя модныя  літаратары на розных сайтах неяк адначасна прызналіся ў сваіх прыхільнасцях. Дакладней — непрыхільнасцях. Адзін сказаў, што палітыку лічыць брудам. Другі – што палітыкаў проста не любіць. Усіх. Як быццам нехта абавязваў яго любіць, а тут гэткая фронда!

 

У дадзеным выпадку мае сэнс гаварыць не пра палітыку як від дзейнасці, а пра пазіцыю людзей мастацтва. Што тычыцца музыкі, балета, тэатра, эстрады, то гэта сферы спецыфічныя. Нават мінімальны ўдзел у палітычных акцях ва ўмовах нашай рэчаіснасці пагражае артыстам фінансавымі стратамі, а то і поўным адлучэннем ад цыцкі мамкі-культуры. Можна апынуцца ў поўнай  ізаляцыі, бо цябе пачнуць ігнараваць на радыё і ТВ, пазбавяць канцэртнай дзейнасці і г.д. Так што кожны робіць тое, што ён робіць, незалежна ад сваіх перакананняў і ступені сервільнасці. Асобна трымаюцца прадстаўнікі беларускага выяўленчага мастацтва, бо выхаваны на нацыянальным грунце і без гэтага не ўяўляюць сваёй творчасці і сябе як асоб. Але ж літаратура заўсёды займала ганаровае месца ў шэрагу разнастайных мастацтваў, яе інструмент – слова. Гэта вышэйшае пакліканне з вышэйшай адказнасцю за свой дар і за тое, “як наша слова адгукнецца”.

 

Меркаванне пра “бруд” палітыкі насамрэч не новае, і кожны па-свойму разумее гэты “бруд”. Але адна справа быць індыфірэнтным да грамадскіх каштоўнасцей, і зусім іншая — публічнае адхрышчванне. Яно выглядае не  праявай маральнай стэрыльнасці, а хутчэй страхам пазбавіцца пэўных выгодаў і статусу-кво. Тыпу — “Дзядзечка, я харошы. Я проста песенькі пяю і вершыкі складаю. Ад мяне не будзе ніякай шкоды вашаму вечнаму праўленню”.

 

Самае смешнае, калі адхрышчваюцца тыя, што на самай справе ўдзельнічаюць. Раскажу пра нядаўні выпадак, калі я запрасіла знаёмага на калядную сустрэчу-вечарыну БХД. Ён паспяшаўся заверыць мяне, што не мае з палітыкай нічога агульнага. І гэта сцвярджаў удзельнік Плошчы, які перажыў кашмар затрымання, суд і адсідку. Пазней ён быў назіральнікам ад апазіцыі на парламенцкіх выбарах і старанна, з дакладнасцю прыбора  налічыў 500 галасоў разыходжання  са звесткамі выбарчай камісіі.

Мая украінская сяброўка напісала так: каб ведаць смак палітыкі, яе трэба “скуштуваты”. Страх перад палітыкай, недавер да яе ў нас, беларусаў, у крыві. Гэтае слова як табу, як форма супраціву, як прызнанне ў нелюбові да ўлады. (Вось каго ў Беларусі сапраўды варта не любіць!) Гэта тое, за што арыштоўвалі і ссылалі, расстрэльвалі без суда і следства, адбівалі мазгі на допытах. Чалавек – істота грамадская, статкавая. Ніхто не жадае быць адшчапенцам, ізгоем, адлучаным ад сабе падобных. Недасведчаныя людзі вельмі здзіўляюцца, калі я нагадваю, што ў Беларусі партыі не забаронены. Як гэта не забаронены, калі можна пацярпець?! Калі аб’ектам публічнага высмейвання або афіцыйнага абстракізму можа стаць любая нязгода з кіруючай лініяй, які-небудзь жыллёвы ці камунальны  пратэст, смелая заява з боку “трэцяга сектару”?

 

З нас, грамадзян, усімі спосабамі рабілі балванчыкаў пры Савецкім Саюзе. Нас запалохваюць амаль два дзесяткі гадоў пры ўсенародна абраным кіраўніку незалежнай дзяржавы. Занадта шмат рычагоў існуе, каб зрабіць людзей больш згаворлівымі і асцярожнымі. Запалоханае грамадства – усё роўна што аднойчы моцна збіты сабака. Ён будзе падціскаць хвост перад чужымі ўсё астатняе жыццё.

 

Выціскаць з сябе раба – справа няпростая. Яшчэ складаней для некаторых маіх суайчыннікаў наогул зразумець, што ты ў душы раб і што аб цябе будуць выціраць ногі, пакуль ты маўчыш і прыкідваешся прасцячком.

Болей навін