Галіна Каржанеўская. РОДНАЯ МОВА. У якой краіне мы жывём?
Вакол становішча беларускай мовы ў Беларусі не раз кіпелі эмоцыі (звычайна — адмоўныя), выказваліся параўнанні (з краінамі Балтыі, напрыклад), гучалі рытарычныя пытанні, ладзіліся экскурсы ў мінулае з жаданнем знайсці прычыну. Аднак ад таго, што мы выявім і абазначым карані сённяшняй моўнай праблемы, ніколькі не зменіцца рэальны стан рэчаў. Сумны стан.
Звярнуся да канкрэтных прыкладаў. “Ці даўно вы чыталі вершы?” Такое пытанне карэспандэнт газеты “Звязда” задаў кіраўнікам сярэдняга звяна (нумар за 1 лютага гг). І вось, даслоўна, іх адказы.
Міхаіл МАЦЭЛЬ, намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама: “Я больш люблю іх слухаць (усміхаецца). І вершы, і песні… Ды і сам магу заспяваць. А калі чытаць, аддаю перавагу прозе. Мне вельмі падабаюцца Ільф і Пятроў, малыя апавяданні Чэхава, якія я лічу актуальнымі і сёння, люблю “Маскву і масквічоў” Гіляроўскага. Я ўжо не кажу пра такіх класікаў, як Леў Талстой. Хаця… У маладосці мне вельмі падабаўся Уладзімір Высоцкі.”
Алена ВОТЧЫЦАВА, намеснік дырэктара мінскага кінатэатра “Кастрычнік”: “Нядаўна чытала. Я, напэўна, у юнацтве радзей звярталася да паэзіі, чым цяпер. А сёння ва ўсіх нас занадта высокі тэмп жыцця, занадта шмат стасункаў, часам праблемных… Пасля ўсяго гэтага хочацца адпачыць душой. Вось так і атрымалася, што з узростам я стала часцей гартаць томікі вершаў. Вельмі люблю Сяргея Астравога, Роберта Раждзественскага. Ну і Пушкіна, натуральна – бо гэта наша ўсё! Яго наогул цытуеш часам міжволі. Ідзеш зімой па парку, і як не ўспомніць яго класічныя радкі? Яны проста аўтаматычна ўсплываюць у памяці!”
Мне гэтыя шчырыя прызнанні падаліся і забаўнымі, і вартымі сур’ёзнага роздуму. Гаворка не пра тое, што нельга любіць “наша ўсё”. Тут важна вызначыцца, чыё гэта “наша”. Калі ты нарадзіўся на іншай зямлі або выхаваны на вялікай рускай культуры, то абазнач гэта нейкім чынам. Зрабі агаворку. Патлумачся. Успомні, як называецца краіна, дзе ты жывеш і працуеш. Зрэшты, журналіст няхай табе падкажа, як не выглядаць на старонках выдання нейкім мастадонтам. Падстаўляе газета людзей, падстаўляе… Няўжо звяздоўцы думаюць, што такім кшталтам выхаваныя суб’екты могуць быць іх чытачамі?
Гэтае ж выданне распавяло пра конкурс творчых праектаў школьнікаў, ініцыяваны Радай маладых навукоўцаў філфака БДУ. Першая з намінацый гучыць так: “Пераклад верша Уладзіміра Высоцкага” (на любую сусветную мову). Такая ўсеахопнасць — на “любую” – проста ўміляе. Мову тытульнай нацыі маладыя светачы навукі пераступілі, як плінтус. Не, яшчэ не дайшло да таго, што ад яе перасцерагаюць: маўляў, на любую, акрамя…У падтэксце пакуль што. У падсвядомасці. Там, дзе ўсе нашы страхі і апасенні, – за прафесійны поспех, грамадскі статус і таму падобнае.
Курды, у адрозненне ад нас, беларусаў, і тыя таго-сяго дамагліся. “Турэцкі парламент прагаласаваў за рэвалюцыйны закон, які дазваляе курдам размаўляць у судзе на роднай мове.” (“Новы час” за 1 лютага гг.) Прыняццю закона папярэднічалі дыскусіі і нават адкрытыя бойкі паміж сябрамі курдскай фракцыі Партыі міру і дэмакратыі і турэцкімі нацыяналістамі.
Вы можаце ўявіць, каб у нашым парламенце існавала падобная фракцыя або была зарэгістравана партыя з такой назвай? Альбо каб у нас з-за права на карыстанне мовай пабіліся народныя абраннікі? Не? Ну вось і я не магу.
З днём роднай мовы, дарагія мае суайчыннікі!