Сябра БХД не пусцілі на сход вяскоўцаў

30 ліпеня 2013 15:53  |  Рада Народных Дэпутатаў

Глыбоцкі каардынатар аргкамітэту БХД і журналіст Зміцер  Лупач не змог трапіць на сход жыхароў вёскі Дзеркаўшчына, дзе 28 ліпеня абмяркоўвалася  забарона гадаваць свіней у 5-кіламетровай зоне ад свінакомплексу “Маліноўшчына”. Перасцярога выклікана небяспекай распаўсюду афрыканскай чумы свіней, а якую пагрозу ўяўляў сабой журналіст – невядома.

 

 Зміцер Лупач распавёў, што міжволі мог стаць прычынай для звальнення ўчастковага міліцыянта:

 

“Толькі мяне ўбачыўшы, старшыня нашага Глыбоцкага райвыканкаму Алег Морхат звярнуўся да намесніка начальніка міліцыі Глыбоцкага раёна Віктара Адамовіча. Маўляў, хто Лупача прапусціў і дзе ўчастковы. Сёння ж звольніць участковага з працы. Бо раптам у мяне з сабою ёсць аўтамат, і я ўсіх тут парастраляю”.

 

Адкуль такія падазрэнні ў кіраўніка раёна, журналіст не ведае. На сход Зміцера Лупача не пусцілі, бо ён – не жыхар Дзеркаўшчыны. Зрэшты, міліцыяй страшылі і тых, хто быў на сходзе: прагучаў загад прыбраць з прыватных гаспадарак усіх свіней. А адносна тых, хто гэтага не зробіць,  “будуць прынятыя меры, будзе падключаны РАУС”, — распавёў спадар Лупач.

 

Паўплываць на людзей праз незалежную прэсу прысутныя на сходзе кіраўнік раёна, прадстаўнікі раённай ветслужбы, аховы прыроды, кіраўніцтва сельсавета і мясцовага сельгаспрадпрыемства не вырашыліся. А мясцовыя жыхары, у сваю чаргу, казалі пра тое, што запалохванні міліцыяй ды “іншымі мерамі” – гэта парушэнне іх правоў. Бо замест сур’ёзных аргументаў  яны чулі толькі пагрозы. Аднак ніякага афіцыйнага загаду, каб знішчыць усіх свіней на вёсцы і больш не заводзіць, ім не паказалі.

Болей навін