Галіна Каржанеўская. УВАГА, БАРШЧЭЎНІК! Дзяржаўны “План дзейнасці” на паперы
Домік у вёсцы быў маёй марай, мы паспелі набыць яго да завоблачнага павышэння цэнаў. Калісьці там былі ладная ферма і пачатковая школа. Зараз вёска збоч дарогі Ракаў — Пятрышкі не мае нават свайго прыпыначнага пункта, яна закінута і не заасфальтавана (як і частка самой дарогі). “Можа, нас няма на карце?”— спытала я, упершыню пазваніўшы ў дарожную службу. Такое ўражанне, што гэта не край Валожынскага раёна, а край свету.
Ад Старога Ракава да Заслаўя можна выехаць напрасткі — праз Пелікшты. Нікому не рэкамендую. Лес баршчэўніка — відовішча не для слабых нервамі. Баршчэўнік Сасноўскага з’яўляецца самым вялікім пустазеллем у свеце, да таго ж — штучна выведзеным на корм жывёле. Загад на яго выкарыстанне ў жывёлаводстве паспеў падпісаць Сталін. У выніку лапушысты гігант і жывёле не спатрэбіўся (бо мяса і малако набывалі спецыфічны прысамак), і людзі хварэлі пры нарыхтоўцы сілосу. Пусцілі казла ў агарод! Так пайшло несупыннае рассяленне расліны па еўрапейскай частцы Савецкага Саюза.
Такім чынам баршчэўнік стаў экалагічнай праблемай і пагрозай для здароўя людзей у нас, у Беларусі. Мала што ад яго соку здараюцца моцныя апёкі, дык яшчэ ж і пылок алергенны. Расце дзе заўгодна, пладавіты на дзіва, насенне захоўваецца ў глебе да дзесяці гадоў. І паспрабуй выкарчаваць! Адна такая плантацыя, як у Пелікштах, калі з ёй нічога не рабіць, за нейкі час здольна абсемяніць палову Беларусі — не тое што суседні Мінскі раён.
З дапамогай спецыяліста-эколага я падняла нарматыўныя акты. Аказалася, што ёсць усё: Закон РБ аб раслінным свеце з артыкулам 26-м: “Рэгуляванне распаўсюджання і колькасці дзікарослых раслін асобных відаў”, прыняты дзяржаўны План дзейнасці па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага на 2008-2013 гады, існуе інструкцыя Мінпрыроды, якімі сродкамі і метадамі з ім змагацца.
Напрыклад, плошчу ў палову гектара належыць апрацоўваць пестыцыдамі, чаго шмат дзе не робяць і пры дзесятках гектараў. За тым, як ідзе змаганне, у кожным раёне сочаць штатныя інспектары адпаведнага міністэрства. На гэтую навалу выдзяляюцца сродкі. А ўся адказнасць, аказваецца, звалена на… землекарыстальнікаў. Твая тэрыторыя, ты меры і прымай — ці ты сельскі савет, ці калгас, ці лясгас, ці дарожнікі, ці яшчэ хто.
Выдатны прыклад, як дзяржава не даацаніла маштаб прыроднага бедства. Або проста заплюшчыла на яго вочы. На паперы выпісаная схема не працуе. Зямля тая часта з’яўляецца няўдобіцай, ні ў кога праз яе галава не баліць. Цяжка ўявіць, што ў абязлюдзелай вёсцы сельскі савет мае магчымасць 2-3 разы за сезон скошваць плошчы, што нарасталі дзесяцігоддзямі.
Сталіца і тая падняла белы сцяг. Яшчэ ў 2010 годзе мэр Мінска паставіў задачу перад “Зеленбудам” за два гады адолець нашэсце баршчэўніка у Курасошчыне, Калядзічах і іншых раёнах. І што? Вораг пераможаны?
Мне давялося сёлета праехацца па расійскіх прасторах. У Ленінградскай і Пскоўскай абласцях уздоўж дарог і каля дачных пасёлкаў мяне віталі знаёмыя белыя парасоны. Кажуць, “паўночную сталіцу” ад іх абаранялі танкамі, хаця я не заўважыла нават, каб гэтыя калоніі дзесь былі скошаны. Там да шкодніка стаўленне філасофскае: “Расцеш? Ну і расці.” Безгаспадарчасць альбо экалагічная няграматнасць насельніцтва?
У нас зарастаюць баршчэўнікам Мінская і Віцебская вобласці, ідзе наступ інвазійнай расліны на захад і поўдзень Беларусі. Відавочна, што сціплага “плана дзейнасці” недастаткова, што час біць у званы.
Акадэмія навук вядзе ўлік занятых баршчэўнікам тэрыторый, складзены карты, праводзяцца семінары, ды не чулі мы ў навінах і не чыталі ў газетах, каб нас навучалі і перасцерагалі, каб хтосьці быў пакараны за нядбайныя адносіны да нашай агульнай уласнасці — зямлі. Насамрэч штрафаваць даўно трэба тых самых інспектараў. Бо праблема відавочна перарасла мясцовыя маштабы і стала агульнадзяржаўнай.
І ўяўляецца мне наступная фантасмагарычная карціна.Улада нарэшце зразумела, хто яе сапраўдны вораг і куды варта прыкладаць сілу нямераную. КДБ пашле лепшыя кадры на выведку ў рэгіёны Беларусі для ўдакладнення колькасці страчаных плошчаў (Увага! З Ушацкага можна не вярнуцца, там занята 600 га.) Танкі, замест таго, каб псаваць пакрыццё вуліц, павернуцца на Волму. Спецназ у спецкамбінезонах з сапёрнымі рыдлёўкамі і ў рэспіратарах рушыць на святы бой з зялёнымі монстрамі. З гімнам і сцягамі выйдуць на палі ідэолагі, што за добрыя грошы тлумяць галовы грамадзян. Парламент са сваіх шэрагаў прызаве добраахвотнікаў, не дасягнуўшых пенсіі. Аб’явіць мабілізацыю “Белая Русь”, пакінуўшы паперку на дзярах офісаў: “Ушли на фронт”. Следам увяжацца бадзёры натоўп БРСМ.
А покуль што непрызнаныя грамадскія актывісты бяруць рыдлёўкі і выкарчоўваюць маладыя зараснікі каля вёскі Кучкуны, куды занесла насенне з недалёкіх Пелікштаў. Тое самае я рэгулярна раблю ва ўласным гарадскім двары. Лятучае вельмі, халера на яго…