Улада ў Пружанах спойвае школьнікаў

05 жніўня 2013 16:12  |  Рада Народных Дэпутатаў

Жыхары Пружанаў, абураныя адкрыццём алкагольнай крамы наўпрост насупраць сярэдняй школы №4, збіраюць подпісы пад заявай пратэсту – а дырэктар СШ тым часам удзельнічае ў прэзентацыі.

 

Якраз да новага навучальнага году наўпрост насупраць уваходу у СШ №4 гораду Пружаны (глядзі здымкі) адчынілася дзяржаўнае прадпрыемства “Белалко” “SклаД”. Абураныя жыхары гораду, чые дзеці 1 верасня пойдуць у школу, спачатку пайшлі на прыём да старшыні Пружанскага райвыканкаму Сяркова. Той развёў рукамі, маўляў, а што я зраблю.

 

Тым часам раённая газета з паэтычнай назвай “Раённыя будні” ў нумары за 24 ліпеня надрукавала рэкламу крамы. Высветлілася, што на адкрыцці “SклаДа” прысутнічаў і дырэктар школы.

 

Можна зразумець тактыку “Белалко” – адкрыта спойваць падлеткаў са школьнага ўзросту, каб атрымаць пастаянных спажыўцоў сваёй прадукцыі. А вось “Белая Русь” і Пружанскі райвыканкам уляпаліся як мае быць. Хто цяпер паверыць гучным антыалкагольным лозунгам, калі ўлада дэманстратыўна спрыяе спойванню школьнікаў. Больш за 40 пружанцаў усяго за некалькі дзён паставілі свае подпісы пад зваротам у пракуратуру Берасцейскай вобласці, каб зачыніць “SклаД”.

Болей навін