У Воршы пададзена заяўка на пікет па праблеме аварыйнага маста

21 кастрычніка 2013 08:17  |  Рада Народных Дэпутатаў

Актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Яўген Анішчанка і актывіст Руху “За свабоду” Юры Нагорны падалі заяўку ў Аршанскі райвыканкам. Яны лічаць, што даўно наспеўшая праблема рамонту аварыйнага маста праз Днепр вымагае самай пільнай увагі грамадскасці.

“Мост ужо гадоў 10 як лічыцца аварыйным. У ім вялікія дзіркі, па адным з бакоў ужо забаронена хадзіць мінакам, бо там абламаныя парэнчы. Селета ў верасні парэнчы пачалі абвальвацца і з другога боку. Знізу на мост глядзець проста страшна: там усё струхнела і пагражае аднойчы абрынуцца. Я асабіста звяртаўся па гэтай праблеме і ў ДАІ, і ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. З МНС адказалі, што гэта не іх клопат, пакуль нічога надзвычайнага не здарылася. З ДАІ паведамілі, што па мосце забаронены рух грузавога транспарту больш за 10 тон вагой. Але ж па ім ездзіць і аўтобусы з пасажырамі, якія ў “час пік” важаць значна болей! Людзі баяцца гэтага маста. Але вымушаны ім карыстацца, бо ён злучае “спальныя” мікрараёны з раёнам ільнокамбіната і цэнтральнай часткай горада,” – распавёў Яўген Анішчанка.

Актывісты хочуць правесці пікет 30 кастрычніка ў Парку культуры і адпачынку ільнокамбіната. Гэта адно з тых месцаў, якія ўлады вызначылі для правядзення масавых мерапрыемстваў. І знаходзіцца гэты парк якраз пад мастом, які ўжо не адзін год пагражае разваліцца без рамонту.

Пытанне пра рамонт ставілася ў Воршы не аднойчы.І не толькі дэмакратычнымі актывістамі, але і неабыякавымі жыхарамі, якія не хочуць рызыкаваць уласным жыццём. У горадзе не адзін раз збіралі подпісы пад калектыўнымі зваротамі да ўладаў, але адказ на іх прыходзіў заўсёды адзін – няма грошай.І аршанцы абураныя: чаму не ўлічваецца іх меркаванне,на што варта выдаткоўваць бюджэтныя грошы: на лядовы палац, які ўпарта ўзводзяць ужо пяты год, і ўтрыманне якога запатрабуе ад горада дадатковых выдаткаў, ці на рамонт маста, па якім даводзіцца хадзіць і ездзіць, рызыкуючы жыццём.

Праблема для Воршы дужа вострая, аднак арганізатары не ўпэўненыя, што пікет па пытанні аварыйнага маста будзе дазволены, бо мясцовыя ўлады за апошнія тры гады не далі ніводнага дазволу на акцыі, ініцыяваныя дэмакратычнымі актывістамі.

Калі пікет не дазволяць, Яўген Анішчанка і Юры Нагорны гатовыя звярнуцца ў суд, каб бараніць свае правы на вольнае выказванне думак.

Болей навін