Заўтра ў Гомельскім абласным судзе разгляд скаргі на карупцыю ў Калінкавіцкім РУУС

28 кастрычніка 2013 15:23  |  Рада Народных Дэпутатаў

У Гомельскім абласным судзе 29 кастрычніка а 10:00 распачнецца разгляд
скаргі на забарону правядзення акцыі пратэсту ў Калінкавічах, а таксама на
неправамоцныя дзеянні мясцовых чыноўнікаў. Пазоўнік – каардынатарка аргкамітэту
БХД Тамара Зайцава, якой юрыдычную дапамогу аказвае юрыст Леанід Судаленка.

 

Тамара Зайцава збіралася правесці ў Калінкавічах акцыю пратэсту супраць мясцовага
прадпрымальніка, які вывозіць людзей на працу ў Расею, аднак заробкі тым, хто
выязджае, ніхто не аплочвае. “Іх па-просту падманваюць. А тым, хто спрабуе
абараніць свае правы, затыкаюць рты. Больш за тое тры месяцы таму ў Калінкавічы
прывезлі целы двух братоў-гастарбайтараў, якія выехалі на працу ў Расею,
скарыстаўшыся паслугамі гэтага прадпрымальніка. Іх маці ляжыць спараліжаваная ў
шпіталі, а яе кватэру забраў райвыканкам”, – адзначыла Тамара Зайцава.

 

Паводле яе словаў, расследванне Следчага камітэту і пракуратуры пацвярджае
незаконнасць дзеянняў прадпрымальніка, але мясцовыя ўлады нічога супраць гэтага
не прадпрымаюць, паколькі міліцыя яго пакрывае. Усё гэта Тамара Зайцава хацела
распавесці жыхарам Калінкавічаў падчас акцыі пратэсту, прывесці сведчанні
пацярпелых, але дазволу на яе правядзенне не атрымала. Абскарджванне гэтага
рашэння райвыканкаму ў Калінкавіцкім райсудзе выніку не дало. Тады 17 верасня
была пададзеная скарга ў Гомельскі абласны суд.

 

А 19 верасня на месца працы Тамара Зайцавай з’явіўся начальнік РУУС, які
запатрабаваў яе звальнення. 20 верасня ёй насуперак законам выдалі працоўную
кніжку, пакінуўшы фактычна без сродкаў для існавання да моманту афармлення
пенсіі. Тым не менш у гэтай справе каардынатарка БХД збіраецца дайсці ажно да
міжнародных інстанцыяй, каб дамагчыся справядлівасці. Пакуль жа ёй атрымалася
дамагчыся пакарання толькі для аднаго супрацоўніка РУУС.

 

“Усе заявы людзей у РУУС адносна незаконных дзеянняў прадпрымальніка не разглядаюцца, а тых, хто спрабуе
супрацьстаяць, міліцыянты імкнуцца пакараць, паставіць на калені, паколькі ў
РУУС маюць аграмадную фінансавую зацікаўленасць у гэтай справе. А гэта
карупцыя. Тым часам сам прадпрымальнік збірае новыя ахвяры і вывозіць іх у
Расею”. – падкрэсліла Тамара Зайцава.

Болей навін