Аршанскія актывісты будуць судзіцца з райвыканкамам за пікет

30 лістапада 2013 10:15  |  Рада Народных Дэпутатаў

Каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі БХД у Воршы Яўген
Анішчанка і актывіст руху “За Свабоду” Юрый Нагорны падалі скаргу ў
суд: яны не згодныя з тым, што райвыканкам забараніў акцыю, прысвечаную бадай
што самай вострай гарадской праблеме –рамонту аварыйнага маста праз Дняпро.

 

Пікет быў запланаванына 30 кастрычніка. У той час па
аварыйным мосце, які ўжо літаральна развальваўся
па частках
, яшчэ ездзілі гарадскія аўтобусы – з рызыкай для жыццяў
пасажыраў. Звароты да ўладаў з тым, каб распачаць рамонт маста, не дапамагалі,
і Юрый Нагорны з Яўгенам Анішчанкам збіраліся параіцца з гараджанамі, што
рабіць. А таксама хацелі прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да гэтай
праблемы.

 

Аднак яны атрымалі забарону ад уладаў. Да ўсяго, ліст за подпісам
намесніка старшыні райвыканкаму Алега Смірноўскага дайшоў да заяўнікаў са
спазненнем. Чыноўнік забараніў акцыю на падставе рашэння Аршанскага
гарвыканкаму – дарэчы, дзяржаўнага органа, якога ўжо не існуе, бо ў Воршы
гарадскі выканкам ужо даўно аб’яднаны з раённым.

 

У рашэнні, прынятым яшчэ ў 2012 годзе,
гаварылася, што арганізатары абавязаныя прадаставіць разам з заяўкай дамовы на
абслугоўванне акцыі. Гэта патрабаванне распасюджана па ўсёй Віцебскай вобласці.
Аднак, на думку арганізатараў, яно супярэчыць заканадаўству аб масавых сходах у
Рэспубліцы Беларусь і стварае падставы для парушэння правоў грамадзянаў на
публічнае выказванне сваіх думак і меркаванняў.

 

Тым не менш, актывісты звярнуліся ў міліцыю,
службу ЖКГ і ў цэнтральную паліклініку, каб заключыць патрэбныя дамовы.

 

“Аднак з райаддзела міліцыі і з
цэнтральнай паліклінікі нам адказалі, што дамовы будуць заключаць толькі калі
нам дазволяць акцыю. А з камунальнага прадпрыемства “Спецаўтабаза” мы
ўвогуле не атрымалі аніякага адказу. Такім чынам, і адміністрацыі гэтых
структур парушаюць згаданае рашэнне гарвыканкаму, а праз гэта парушаюцца нашы
правы. Таму мы хочам, каб і прадстаўнікі кіраўніцтва гэтых структур з’явіліся
на суд, а суд каб абавязаў іх заключыць з намі дамовы. Просім таксама адмяніць
забарону райвыканкама і даць нам дазвол на мерапрыемства”, – кажа Яўген
Анішчанка.

 

На працягу
месяца, які прайшоў з часу атрымання актывістамі адмовы, з аварыйным мастом
адбыліся пэўныя змены. 5 лістапада ў Воршы пабываў старшыні Віцебскага
аблвыканкаму Аляксандр Косінец і асабіста загадаў спыніць рух транспарту па
аварыйным мосце. Зроблена гэта было толькі 21 лістапада. Але дагэтуль няма
яснасці ні з тэрмінамі рамонту, ні з яго фінансаваннем. Раней чыноўнікі казалі,
што на рамонт трэба 105 мільярдаў рублёў, але іх няма. Старшыня аблвыканкаму
сказаў, што спатрэбіцца сума, у два з паловай разы большая – ужо 350-370
мільярдаў. А 28 лістапада заявіў, што аблвыканкам выдатковае на гэтыя мэты … ажно цэлы 1 мільярд…

 

 

У святле
апошніх падзеяў Юрый Нагорны і Яўген Анішчанка лічаць абмеркаванне з землякамі
праблемы рамонту аварыйнага маста па-ранейшаму актуальным.

Болей навін