Таццяна Севярынец. Лёс беларусаў

02 снежня 2013 15:33  |  Рада Народных Дэпутатаў

Нас сапраўды звёў лёс. За тыдні два да знаёмства адвезла
ў інтэрнат для інвалідаў бібліятэчку чытва, што назбіралася за год маіх
вандровак, пакінула там падпісныя аркушы За сямейныя каштоўнасці ды некалькі
асобнічкаў партыйнай “Крыніцы”. На ўсялякі выпадак дала бібліятэкарцы свой
тэлефон. Званок: “Я хацеў бы пазнаёміцца з кім-небудзь з БХД”. –”Буду толькі
рада. А вы хто і адкуль?” – “Татарчук Леанід Фаміч. Жыву ў інтэрнаце з жонкай.
Вось пачытаў вашу “Крыніцу”, мяне вельмі зацікавіла”. Дамаўляемся аб сустрэчы,
паехала на наступны ж дзень.

 

Віцебскі абласны інтэрнат для інвалідаў і ўдзельнікаў ВАВ
– установа даволі прыгожая, з зімнім садком, прасторай, медычным і жыллёвым
карпусамі, крамкай, бібліятэкай. Тут пражываюць інваліды, праходзяць
рэабілітацыю цяжка хворыя. Кожны мае асобны пакой, які нагадвае маленькую
аднапакаёўку дзе-небудзь у маламетражным доме, ёсць тэлевізар, стацыянарны
тэлефон, лядоўня, прыбіральня, ванная. Кожны дзень прыходзіць прыбіральшчыца,
за кожным – медсястрычка.

 

Грукаю ў дзверы №18, адчынена. Мяне сустракае даволі
бадзёры дзядок з пышнымі пшанічнымі вусамі. Пачуўшы беларускую мову, ледзь не
плача: “Ай, як добра, ай, якое свята! Праходзьце, даражэнькая, вось сядайце, міленькая!”
Ён мітусіцца, вельмі рады. На ложку – старэнькая жанчынка, ляжыць на бачку,
пачуўшы мяне, бязгучна плача. Спадар Лявонцій распавядае: тут яны ўжо паўтары
гады. Юзэфа, ягоная жоначка, без ножак (адрэзаны абедзве вышэй калена), пасля
інсульту. Дома ён ужо не меў сілы яе даглядаць, вось і апынуліся тут. Распытвае
мяне пра партыю, пра сына (чытаў, шмат пра яго ведае, уражаны). Вельмі прыемны
суразмоўшчык, НАШ! Чытае “Народную волю” да дзірак, усё разумее, перажывае
толькі, што сіл няма, каб паўдзельнічаць, каб каму ТА-А-М! сказаць: хлопцы,
хопіць сварыцца, яднайцеся! Скардзіцца, што замоўк транзістар, па якім ён мог
слухаць адмысловыя станцыі.

 

Дамаўляемся, што забягу праз тыдзень. У той жа дзень
даведалася, што такія транзістары ўжо не рамантуюцца, трэба шукаць новы. Маленькі
сучасны плэер з навушнікамі не падыйдзе, бо спадар Лявонцій павінен чуць
жоначку ў любую хвілінку.

 

Час ад часу ўзгадвала пра новых сяброў, шчаміла сэрца,
думалася: а дзе дзеці? Адразу пасаромелася спытаць, бо неяк не ў беларускай
традыцыі адпраўляць бацькоў у інтэрнат.

 

Пры другой сустрэчы заўважыла слоікі на доле, спытала, ці
бывае хто з родных. Так, пляменніца, ёй і хату на Пастаўшчыне пакінулі. А…
дзеці? Пауза. -Дачка кінула.- Я анямела. -У Германіі яна.- Ну дык добра, Дапамагае
чым? – Была бяднейшая, дапамагала, а зараз даўно не чулі… І такі боль у вачах!
Юзэфа зноў бязгучна плача. Цалую яе. Дзе ж тая Нямеччына! Так далёка! Але
разумею, што да ўсіх хвароб у бацькоў гэта—самая балючая… Пераводжу размову.
Пытаюся пра Пастаўшчыну. І тут высвятляецца, што добра спадар Лявонцій ведае
Міхася Гіля, нашага сябра, ведае і Марынку Яголду. Менавіта яна кожны дзень
бегала да пані Юзэфы ў пастаўскую лякарню два тыдні, пакуль тая там ляжала
пасля інсульту. Прапаную сфатаграфаваць іх ды паказаць Марынцы, ці ўзгадае?
Развесяліліся, дзякуй Богу!

 

На падваконніку у рамачцы сардэчкам выява малой
дзяўчынкі. Унучачка! Ёй зараз 14 гадкоў. Але такой яе не бачылі. Бачылі толькі
такой, як на выяве…

 

Я буду прыходзіць да вас, мае даражэнькія! Я яшчэ хачу
даведацца пра вашае жыццё, я хачу знайсці ў той Нямеччыне вашу дачушку, каб
паспела яна прыпасць да вашых светлых сэрцаў, каб пачулі з вуснаў унучкі
чароўнае “дзядуля”, “бабуля”. Я знайду для вас той транзістар, каб толькі вы не
сумавалі!

 

Жахлівы лёс! Да сёй пары плача пані Юзэфа, ўзгадваючы, як
за скарынку хлеба, якую чырвонаармеец убачыў на стале, яна ў пяць гадкоў
засталася сіратой, бо той чырвонаармеец вырашыў: калі хлеб ёсць у хаце, то тут
жывуць класавыя ворагі, ды забіў бацькоў.

 

Таццяна Севярынец. Лёс беларусаў

Болей навін