У Горацкім раёне ўлады працягваюць ціск на дэпутата ад БХД Шчарбініну
У Горацкім раёне мясцовыя ўлады працягваюць ціск на дэпутата Аўсянкаўскага
сельсавету, актывістку аргкамітэту БХД Жанну Шчарбініну.
“Пасля звальнення са
школы з 2 верасня я аформілася на стаўку прыёмнай маці. 5 верасня
прадстаўнікі аддзела адукацыі ў мяне дома правялі праверку маёй прыёмнай сям’і,
у выніку якой я атрымала дысцыплінарнае спагнанне – заўвагу. 3 кастрычніка я была ў Менску на прэс-канферэнцыідля журналістаў, загадзя дамовіўшыся, што мая прыёмная дачка ў гэты час будзе
знаходзіцца ў маёй роднай сястры. Да сямі гадзін вечара я ўжо была дома. Ні ў
адным дакуменце не прапісана, што прыёмныя бацькі не маюць права пакідаць на
некаторы час дзяцей са сваімі блізкімі, але 4 лістапада за гэта я атрымала
наступнае дысцыплінарнае спагнанне – вымову”, – паведаміла Жанна
Шчарбініна.
У выніку ёй давялося звярнуцца ў Горацкі раённы суд з заявай, каб той
прызнаў прыцягненні яе да дысцыплінарнай адказнасці неабгрунтаванымі. 19
кастрычніка першае дысцыплінарнае спагнанне суд адмяніў. 10 снежня, у Дзень
правоў чалавека, адбудзецца судовае паседжаньне па вымове. “Спадзяюся, што
і на гэты раз правасуддзе будзе кіравацца толькі законам”, – адзначыла
актывістка БХД.
Жанна Шчарбініна таксама распавяла, што яна як
дэпутат сельсавету двойчы звярталася ў Камітэт дзяржкантролю па пытанні карупцыі
ў Аўсянкаўскага сярэдняй школе, дзе яна раней працавала.
“Праверкі належным чынам не праводзіліся, таму
я звярнулася ў Генеральную пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта. Цяпер гэта
пытанне разглядаецца Пракуратурай Горацкага раёна. Можа, нарэшце, каго-небудзь
зацікавяць махінацыі ў гэтай школе, напрыклад, як адны і тыя ж навучэнцы могуць
адначасова вучыцца ў двух школах? (Дакладней, у адной на пачатку навучальнага
года лічыцца, але не вучыцца, а потым зноў быццам бы вярнуцца ў сваю школу, і
так на працягу некалькіх гадоў)”, – адзначыла дэпутат.