Галіна Каржанеўская. Сродкі масавай дэзінфармацыі

05 снежня 2013 14:52  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Перада мной артыкул 4 Закона РБ
“Аб сродках масавай інфармацыі” (ад 17.07.2008), які вызначае асноўныя прынцыпы
дзейнасці СМІ. Сярод іх наступныя (у адвольным парадку):

 

праўдзівасць інфармацыі;

 

роўнасць – сродкі масавай
інфармацыі зыходзяць з роўнасці правоў ісіх фізічных асоб, дзяржаўных органаў,
палітычных партый, другіх грамадскіх аб’яднанняў, іншых юрыдычных асоб на
распаўсюджванне і атрыманне масавай інфармацыі;

 

павага да правоў і свабод
чалавека;

 

шматстайнасць меркаванняў;

 

абарона маралі;

 

захаванне нормаў прафесійнай
этыкі журналістаў і маралі і іншыя.

 

Тут няма пункта, які не б
парушаўся дзяржаўнымі СМІ штодня і штохвілінна. 24 лістапада па 1 канале БТ у
вечаровых навінах паказвалі сюжэт пра “Белую Русь” і яе далёкія намеры стаць
праўладнай партыяй. Пра іншыя партыі і рухі ўпамінання не было, як быццам гэтае
марыянетачнае ўтварэнне – адзінае на грамадскім полі Беларусі. І якая тут
роўнасць? Каго з кім?

 

Даўно няма ілюзій і наконт праўдзівасці
СМІ. Пакараны генералы, якія публічна абвяргалі факт раскідання шведскіх мішак па нашай тэрыторыі, але сухімі з вады
выйшлі распаўсюднікі хлусні. Акрамя таго, ёсць такі від маніпулявання
грамадскай свядомасцю, як утойванне інфармацыі. Утойваецца ўсё, што можа
сапсаваць сусальны партрэт квітнеючай пад мудрым кіраўніцтвам краіны.

 

А хіба не парушаюцца правы
літаратараў — сяброў “старога” Саюза беларускіх пісьменнікаў, якіх не
дапускаюць да экранаў, мікрафонаў і афіцыйных культурніцкіх выданняў?

 

Наконт разнастайнасці меркаванняў увогуле
гаварыць смешна. Мы не раз бачылі інтэрв’ю “на вуліцах” з жыхарамі Мінска.
Ніякай іншай думкі, акрамя адзіна правільнай, там звычайна не выказваецца.

 

Далёка ад маралі знаходзіцца
ўцягванне гледачоў у гульнёвую залежнасць з дапамогай шматлікіх лато і іншых
грашовых гульняў. Гэткім жа парушэннем маралі і прафесійнай прыстойнасці
з’яўляецца “Клуб рэдактараў”, дзе ўдзельнікі нагадваюць заложнікаў, прыкаваных
да крэслаў і змушаных пад прыцэлам гаварыць тое, што патрэбна кіраўніку
Белтэлекампаніі Г.Давыдзьку.

 

За паўгода да пенсійнага ўзросту
быў звольнены без тлумачэнняў галоўны рэдактар беларускамоўнай газеты “Звязда”,
якая, відаць, недастаткова шальмавала сваіх чытачоў і не цуралася вострых
пытанняў сучаснага жыцця.

 

Негалосна забаронены да
ўпамінання ў дзяржаўнай прэсе такія
словы і паняцці, як “палітыка”, “дэмакратыя”, “партыі”, “грамадзянская
супольнасць”, “парушэнне законаў”, “незалежны суд” і многія іншыя. Каб самім
выглядаць “бялейшымі”, у чорным святле паказваюцца слабасці і недахопы эканомік
суседніх народаў – Польшчы, Украіны, Расіі. Паслядоўна дэманізуюцца Штаты. У
залежнасці ад стасункаў з Еўропай пра яе то маўчаць, то таксама пакусваюць.
Беларускія СМІ з поўным правам можна назваць сродкамі масавай дэзінфармацыі,
якія цярплівы народ аплочвае з уласнай кішэні.

Болей навін