Аршанскія актывісты судзяцца з райвыканкамам за забаронены пікет

17 снежня 2013 12:00  |  Рада Народных Дэпутатаў

16 снежня суддзя Алеся Котава параіла заяўнікам забароненага пікета па праблеме капрамонту гарадскога
маста праз Днепр аршанскаму каардынатару БХД Яўгену Анішчанку і актывісту руху “За Свабоду” Юрыю Нагорнаму тэрмінова
заплаціць другую судовую пошліну, каб разбіраць скаргу ў двух асобных
працэсах. Але парушаных правоў на арганізацыю масавага мерапрыемства
пакуль не ўбачыла.
 
Заяўнікі, якія ў панядзелак 16 снежня прыйшлі ў суд разам са сваімі аднадумцамі, патлумачылі, што на пікеце 30 лістапада хацелі абмеркаваць з землякамі неабходнасць рамонту аварыйнага маста, і хоць рамонт ужо распачаўся, пытанняў для абмеркавання толькі пабольшала, лічаць актывісты:

“Тэрміны рамонту – неакрэсленыя, што са сродкамі на гэты рамонт – таксама невядома, апрача хіба таго, што іх няма. Мост зачынены для транспарту, другі гарадскі мост перагружаны, і колькі гэта будзе працягвацца – невядома. Таму мы прасілі суд прызнаць забарону на пікет незаконнай, а таксама каб райвыканкам усё ж дазволіў нам правесці акцыю. Але суддзя параіла нам “падзялць” нашу заяву на дзве часткі, каб разглядаць асобна нашы прэтэнзіі да ўладаў і нашы прэтэнзіі да гарадской службы ЖКГ, міліцыі і медыкаў, якія не заключылі з намі дамовы на абслугоўванне акцыі. А менавіта праз гэтую акалічнасць нам і адмовілі,”—гаворыць Юры Нагорны.

Ён упэўнены, што “дзяліць” скаргу на часткі не мае сэнсу, бо ўсе згаданыя структуры – дзяржаўныя, падпарадкаваныя райвыканкаму.

Райвыканкам прадстаўляла супрацоўніца юрыдычнага аддзелу Кацярына Лаўрэнава. Яна заявіла, што забарона на пікет – гэта не парушэнне правоў гараджан, а неабходнасць, выкліканая тым, што заяўнікі не выканалі ўмоваў рашэння Аршанскага гарвыканкаму пра арганізацыю масавых акцый. У гэтым рашэнні гаворыцца, што арганізатары абавязаныя прадаставіць разам з заяўкай дамовы на абслугоўванне акцыі з ЖКГ, цэнтральнай паліклінікай і Аршанскім райаддзелам унутраных справаў.

“Аднак з райаддзела міліцыі і з цэнтральнай паліклінікі нам адказалі, што дамовы будуць заключаць толькі калі нам дазволяць акцыю. А з камунальнага прадпрыемства “Спецаўтабаза” мы ўвогуле не атрымалі аніякага адказу “, — расказаў суду Яўген Анішчанка.

Суддзя Алеся Котава так і не прыняла ніякага рашэння. Яна перанесла пасяджэнне на 23 снежня і выклікала на яго намесніка старшыні райвыканкаму Алега Смірноўскага, які падпісаў адмову.

“Складаецца ўражанне, што суддзя спрабуе разабрацца ў справе. Ёй таксама не зразумела, як можна папярэдне заключыць дамовы са структурамі, якія гатовы зрабіць гэта толькі пасля канчатковага вердыкту ўладаў. Мы спрабуем давесці, што такі парадак невыканальны, што рашэнне мясцовых уладаў абмяжоўвае нашы правы на арганізвацыю акцый, на свабоду меркаванняў. А прадстаўніца юрыдычнага аддзелу настойвае, што ўсё законна… Мы ведаем, што падобная сітуацыя — амаль па ўсёй Віцебскай вобласці, гэтыя рашэнні мясцовых выканкамаў напісаны нібыта па адным трафарэце і з адной мэтай – каб забараніць усе акцыі па ініцыятыве дэмакратычных сіл,” – працягвае Юры Нагорны.

Дарэчы, днямі ў Оршы быў забаронены пікет па яшчэ адной важнай гарадской праблеме – праблеме вынішчэння дрэваў у Парку піянераў у раёне вуліцы Молакава. Прычына забароны тая самая – адсутнасць дамоваў, якія заключыць немагчыма.

Болей навін