Жыхары Бабруйскага раёну адстаялі сельсавет: улады не захацелі злаваць сялянаў

26 снежня 2013 14:14  |  Рада Народных Дэпутатаў

У Бабруйскім
раёне мясцовыя ўлады збіраліся зліквідаваць Вішнёўскі сельсавет, далучыўшы яго
да суседняга Брожскага. Аднак пратэсты жыхароў сельсавету прымусілі чыноўнікаў
адмовіцца ад свайго намеру.

 

Рашэнне аб
скасаванні сельсавету было апублікаванае 12 кастрычніка ў раённай газеце
“Трыбуна працы”. Аднак жыхары, незадаволеныя гэтым (Брожа знаходзіцца
за 25 кіламетраў ад Вішнёўкі), звярнуліся да мясцовага актывіста Аляксандра Лявоненкі
з просьбай звярнуцца да ўладаў.

 

У выніку 21
кастрычніка Аляксандр Лявоненка склаў адпаведны зварот і прыйшоў з ім на прыём
да старшыні райсавету Леаніда Баркоўскага. “Але ён сказаў, што рашэнне ўжо
прынятае”, – паведаміў актывіст прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай
Дэмакратыі.

 

Тады 30
кастрычніка Аляксандр Лявоненка звярнуўся са зваротам да дэпутата Палаты
прадстаўнікоў ад Бабруйскай сельскай акругі Алене Шамаль і памочніку прэзідэнта
па Магілёўскай вобласці Генадзя Лаўранкова. У сваім адказе Алена Шамаль
паведаміла, што поўны адказ па гэтай справе актывіст атрымае ад бабруйскіх і
магілёўскіх уладаў.

 

Тым часам 12
лістапада ў Вішнёўцы адбыўся сход жыхароў сельсавету, на якім прысутнічалі
таксама старшыні райсавету Леанід Баркоўскі, сельсавету Мікалай Равенкаў, на
якім сяляне выказалі сваю рашучую незадаволенасць дзяеннямі ўлады. У выніку 20
лістапада газета “Коммерческий курьер” паведаміла, што сельсавет
скасоўвацца не будзе
.

 

Аднак Аляксандр
Лявоненка, які так і не атрымаў абяцанага адказу ад уладаў на свой зварот,
запісаўся на прыём да старшыні райсавету, каб даведацца пра прычыны адмовы
ўладаў ад свайго рашэння. На прыёме Леанід Баркоўскі паведаміў, што ў
Магілёўскай вобласці ўлады ўжо выканалі план па скасаванні сельсаветаў. Пры
гэтым ён адзначыў, што было вырашана не злаваць грамадзянаў перад
“выбарамі”.

 

Нагадаем, што
раней з дапамогай актывістаў БХД дамагліся захавання
адміністрацыйнай адзінкі
і жыхары Свіслацкага сельсавету Асіповіцкага
раёну.

Болей навін