Галіна Каржанеўская. Маналог на прыпынку. Распятыя

04 лютага 2014 09:40  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Мароз бярэцца, праўда? Я мясцовыя навіны па тэліку не гляджу, толькі надвор’е. Буду я слухаць іхнія казкі пра ўсеагульны дабрабыт! “Чараўнік ізумруднага горада”, хіба  акуляры нам вешаюць ружовыя.
Адзін атрымлівае 2 мільёны зарплаты, другі, дзяржслужачы, — 20. Складуць, падзеляць папалам, і прыстойны атрымліваецца сярэдні паказчык. Амаль як у нармальных краінах. На маторным заводзе, чула, увогуле тры месяцы людзям грошай не выдаюць. Вырабленыя маторы ідуць на трактарны завод, а там цяпер няма збыту (каму патрэбны трактары зімою?!), вось укладзеныя сродкі і не вяртаюцца. І гэтак шмат дзе, толькі праўду не гавораць.
Кантралёраў развялося процьма (не кажу пра ўсялякую там міліцыю), а парадку ў краіне так і не навялі. Як была карупцыя, так і ёсць, мо яшчэ большая, узаконеная. А колькі тых беларусаў? У адной Маскве насельніцтва болей, чым ва ўсёй нашай рэспубліцы. Увесь народ паклалі на цвікі. Распялі невінаватага. А можа – вінаватага? Ведаць бы – у чым…
Моладзь літаральна прападае. Хто па вялікі рубель паехаў – і невядома, ці вернецца. Хто па вуліцах валэндаецца, ні да чога не прыткнуты. У адным тамбуры са мной жыве маладая сям’я. Жонка ў дэкрэтным адпачынку, хлопчыку два гады. І хадзіла ім – курыла, і карміла – курыла… Прыліпне да камп’ютэра і адмахваецца ад малога: ідзі гуляй! Дык я ад яе нармальнай гаворкі праз дзверы ніколі не чула, адзін дзікі крык! І з мужам, і па тэлефоне, і з сынам… Той яшчэ хадзіць вучыўся, а ўжо былі маты-пераматы: і б…, і нах…, і ўсё астатняе. Якую праграму яна яму ўнушыць? Хто з яго вырасце – які чалавек, калі самі бацькі – страчанае пакаленне…
 
Занатавана 27 студзеня г.г.

Болей навін