Буйная аварыя цеплавых сетак у Мёрах: мёрзнуць сотні людзей

06 лютага 2014 08:52  |  Рада Народных Дэпутатаў

У горадзе Мёры 20 студзеня здарылася аварыя цеплавых сетак, і дасёння не ліквідаваная. Тэмпература паветра ў шматпавярховіках і некаторых прыватных сядзібах апускалася да 10 градусаў. У многіх дамах размарозіліся і лопнулі батарэі ацяплення.

Карэспандэнт “Вестак” наведаў чатыры прыватныя дамы, якія падключаныя да гарадскіх цеплавых сетак. Батарэі ацяплення ў некаторых дамах ледзяныя, у іншых – трохі цёплыя.


Трэснутая батарэя каля дома Валера Валажонка. Фота Кастуся Шыталя.

У сярэдняй школе №3 вучні і настаўнікі сядзяць на ўроках у цёплай вопратцы.

У трохпавярховым доме, які наведаў карэспандэнт, тэмпература ў кватэрах каля 16-і градусаў. У іншых дамах, кажуць, значна халадней.


Валер Валажонак мацае батарэі: халодныя. Фота Кастуся Шыталя.

Гаспадар аднаго з дамоў, актывіст БХД Валер Валажонак, паказвае трэснутую батарэю. Выкліканыя супрацоўнікі ЖКГ знялі батарэю і адно з памяшканняў засталося без ацяплення. Таксама рамонтнікі зламалі цеплавы лічыльнік.


Тут была батарэя. Дом Валера Валажонка. Фота Кастуся Шыталя.

У другім доме лёд на сценах. У трэцім гаспадар вымушаны выліваць з цеплавой сістэмы ваду, каб адбывалася цыркуляцыя. Помпа не працуе, таму гарачая вада ў батарэі не падаецца.


Жыхароў, якія мёрзнуць, наведаў палітык Павал Севярынец. Вось тут на сценах – лёд. Фота Кастуся Шыталя.

Гаспадар аднаго з дамоў, Іосіф сабраў шаснаццаць подпісаў пад зваротам у райвыканкам з патрабаваннем адрамантаваць ацяпленне. Яму патэлефанаваў інжынер ЖКГ і прыгразіў адключыць дом ад ацяплення зусім.

Сёння міліцыя арыштавала журналістаў Сяржука Кручкова, Насту Рэзнікаву і Аляксандра Пацеева, якія прыехалі з Менску рыхтаваць матэрыял пра аварыю. Журналістаў вывезлі пад канвоем на мяжу горада і, выкарыстоўваючы шантаж, загадалі не вяртацца ў горад.

Але рэпартаж будзе, кажуць яны.

Карэспандэнта “Вестак” улады праваронілі.


Цеплатраса ў горадзе Мёры, з якой цячэ вада. 5 лютага 2014 года. Фота Кастуся Шыталя.

Болей навін