Галіна Каржанеўская. ВЫБАРЫ. “Праўда памерла, а вера замуж выйшла”
Я атрымала вялікі досвед з усіх трох апошніх выбараў: прэзідэнцкіх, парламенцкіх і мясцовых. На першых эмоцыі і ўзровень стрэсу проста зашкальвалі. На другіх здзівіў размах прыпісак пры канстатацыі яўкі выбарцаў. Пра ход сёлетніх, мясцовых выбараў, варта распавесці падрабязней. Што іх даўно ніхто з мінчукоў усур’ёз не прымае, я ведала. Але што людзі так настроены супроць улады, стала ясна толькі цяпер.
Тым, хто зарэгістраваў ініцыятыўныя групы ў гарадах, сабраць належала 150 подпісаў, а практычна болей, для падстрахоўкі. Гэта 150 сустрэч, 150 кантактаў, расповядаў, дыялогаў і маналогаў.
Моладзь на званок у дзверы рэагавала вяла, але спакойна. 40-гадовыя пазіралі насцярожана, з недаверам, распытвалі, доўга думалі. Штось узважвалі — тыпу “хто прыйшоў і што мне за гэта будзе”. І на поўніцу адцягнуліся на нас пенсіянеры, якія не абазнаныя наконт асаблівасцей працэдуры вылучэння кандыдатаў.
Людзей, што збіралі подпісы за самавылучэнцаў — сяброў зарэгістраваных і незарэгістраваных партый і рухаў — яны прымалі за прадстаўнікоў гарадской улады і ад самога слова “выбары” лезлі на сцяну. Як быццам такое можна ўявіць — каб дэпутат мінулага склікання, які шмат гадоў займае сваё месца “па разнарадцы” або, наадварот, упершыню трапіў у спіс абраных, будзе цягацца па аблупленых пад’ездах і ўпрошваць, каб за яго далі подпіс!
Але людзям не растлумачыш, хто ёсць хто, бо тыя з парога махалі рукамі, істэрылі, скідвалі свой негатыў, не саромеючыся пры гэтым у выразах. Асабліва ваяўніча сябе паводзілі пажылыя мужыкі, падобныя на адстаўнікоў ці былых начальнікаў. Яны такія змагары і вольнадумцы ў сваіх тамбурах, што хоць сёння на Майдан! Выкармышы Савецкага Саюза, часта прыезджыя і з неблагімі пенсіямі, цяпер яны ўсім незадаволены і нагадваюць катлы з павышаным ціскам — і з нежаданнем гэты ціск неяк па-разумнаму скінуць. Яны марна кіпяць і дажываюць свой век, як і іншыя, ціхія катэгорыі пенсіянераў, нічога не зразумеўшы ні пра сябе, ні пра сваю краіну.
Рэплікі з-за прыадчыненых дзвярэй:
• Не пайду! Не хачу! Не буду!
• Не ўдзельнічаю!
• Я ўжо прагаласаваў.
• Я на рабоце падпісалася.
• На выбары не хаджу. Мама, дзе твой пашпарт?
• За пяць працэнтаў к пенсіі падпісвайцеся самі!
• “Падтрымайце незалежнага кандыдата” — “Галасую толькі за апазіцыйных!”
• Вы за Лукашэнку ці супраць?
• Замест мяне хай муж і сын паставяць подпісы.
• Жонка (даганяючы зборшчыка на лесвіцы): “Выкрасліце майго мужа!”
• “Я вас не ведаю” — “Браток, мы чатыры гады перасякаемся ў адным ліфце”
• Зайдзі, сынок, паспрабуй сапраўднага ўкраінскага баршча.
• Жонка (мужу): “Як ты мог у такі срач паклікаць людзей?!”
• А што яны для нас робяць, тыя дэпутаты?
• А якога ён узросту? Перадайце, хай адпачывае.
• Дам подпіс толькі за беларускую мову.
• Нікому не веру! Усе яны аднолькавыя, што туды трапляюць.
Гэтае “Не веру” паўтаралася асабліва часта. Як вобразна выказалася мажная жанчына з вуліцы Асаналіева, “праўда памерла, а вера замуж выйшла”. “Ага, — патрасала кійком з канапы сівая бабуля. — Як да пенсіі дадаць, дык курам на смех, а як на выбары, дык ідзі!”.
На жаль, прычынна-выніковыя сувязі адсочваюць не ўсе дарослыя людзі. Вось адзін характарны дыялог, дасланы мне знаёмым кандыдатам. Жанчына скардзіцца:
— Усё дрэнна, улада плюе на людзей, ніхто нічога рабіць не хоча, дасылаюць адны адпіскі. А вы самі за ўладу ці апазіцыю?
— Я за апазіцыю.
— А я за ўладу.
— Дык вы ж толькі што сказалі, што ўсё дрэнна і ўсе на вас плююць!
— У сям’і не без урода.
— Гэта не сям’я такая, а сістэма.
…Хто моўчкі грукае дзвярыма, хто злосна свідруе вочкамі, хто бласлаўляе, перахрысціўшы, хто кліча ў кватэру, хто скардзіцца на свае балячкі… Кожныя чацвёртыя дзверы не адкрываюцца ў любы час дня, як быццам жыхароў сталіцы выкасіла якаясь чума.
Выбарцы лепей ставіліся да зборшчыкаў, якія не хавалі сваёй прыналежнасці да грамадскіх структур. Зрэшты, у розных раёнах было па-рознаму. Многае залежала ад стану і статусу дома. Найбольш падпісваліся за самавылучэнцаў, як сказала актывістка БХД, у дамах 80-90 гадоў, дзе жыхары больш інфармаваныя і менш замбіраваны прапагандай.
Існуе так званая шкала тонаў для вызначэння стану чалавека. З самага яе нізу не дэпрэсія, як можна было б падумаць, а апатыя. Апатыя — гэта канчатковая капітуляцыя. Гэта поўная бяздзейнасць і адмова штосьці мяняць з-за нявер’я ў магчымасць змен. Гэта псіхалогія вязня, які асуджаны на пажыццёвае.
За два апошнія дзесяцігоддзі выбары сталі не проста фармальнасцю, непатрэбшчынай, марнай тратай сродкаў. Грамадзяне Беларусі страцілі веру ў справядлівасць дзяржавы. У тое, што дзяржава ўвогуле можа клапаціцца пра кагось іншага, акрамя сябе і сваёй абслугі. Вось трагічны вынік аўтарытарнага зацяжнога кіравання.
Чалавек, які ўзваліў на сябе такую адказнасць, такую віну перад сваім народам, мусіць жыць з пеклам у душы. Такога паказчыка на шкале тонаў, праўда, не існуе.