Галіна Каржанеўская. ВЫБАРЫ. Жаданы працэнт дасягнуты!
У галіне фіксацыі народнага волевыяўлення працуюць сапраўдныя прафесіяналы, здольныя ўзяць “з паветра” 400 дадатковых галасоў на карысць прыгожага працэнта і пажаданага кандыдата. Аднак сярод майстроў сваёй справы вылучаюцца асаблівыя докі, чый вопыт варта пераняць падрастаючай змене фальсіфікатараў.
Прашу ЦВК аб’явіць падзяку старшыні ўчастка № 53 Чыгуначнай акругі № 20 В.В. Касцюкевіч за вынаходніцтва новых прыёмаў змагання з назіральнікамі.Сярод гэтых прыёмаў наступныя:
1. Фразу “Не магу гаварыць”, сказаную ў тэлефон, трактаваць як “вызывающее поведение” і афармляць заўвагу пісьмова.
2. Запрашаць на ўчастак “падсадных вутак”, якія сядаюць побач з назіральнікам, пачынаюць лялякаць, задаваць пытанні, правакуючы на размову (і на чарговую заўвагу, зразумела).
3. Змаўляцца са сваёй “групай падтрымкі”, якая пад выглядам назірання кляпае скаргі на калег.
4. Змушаць дзяжурнага міліцыянера да хлусні, нібыта яму заміналі ахоўваць дзяржаўны аб’ект пасля 19-ці гадзін толькі тым, што папрасілі вынесці забыты пакет.
5. Выклікаць нарад міліцыі для даверанай асобы кандыдата — як было зроблена з Дзянісам Садоўскім, што прадстаўляў інтарэсы М.Гацака.
Выгнанне няўгодных дае шмат магчымасцяў для атрымання жаданых лічбаў.
Усе дні датэрміновага галасавання наш лік прагаласаваўшых супадаў з лікам камісіі. І толькі ў суботу, калі старшыня ўчастка № 53 пазбавілася лішніх вачэй, розніца ў паказчыках скокнула на 200 адзінак. Канчатковы вынік выбараў па ўчастку: 859 прагаласаваўшых ад назіральнікаў, 1350 — ад камісіі.
Акрамя таго, варта заахвоціць старшыню выбарчай камісіі № 50, што на вуліцы Жукоўскага, за ноу-хау ў сферы самазахавання. Перад падлікам бюлетэняў ён паставіў злева ад стала назіральнікаў дзяжурнага міліцыянера. А за спіной у нас стаяў падпалкоўнік. Такім чынам, мы адчувалі сябе не то ў пастцы, не то ў аблозе.
Такога не было ні на парламенцкіх, ні на прэзідэнцкіх выбарах. Відаць, невыпадкова намеснік дырэктара паліграфкамбіната П.А. Чыж баяўся нават жанчын… Затое які вынік! 605 прагаласаваўшых па падліку назіральнікаў, 1399 — у пратаколе камісіі. Гэта амаль што рэкорд па сталіцы.Так і прэмію можна атрымаць, і нават узнагараду…
Падсумоўваю: па звестках назіральнікаў, працэнт мінчукоў, аддаўшых свой голас на мясцовых выбарах, знаходзіцца ў прамежку ад 25 да 33.