Магілёўскія актывісты праводзяць кампанію «За чысціню паветра»

09 ліпеня 2014 13:28  |  Рада Народных Дэпутатаў

У Магілёве актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі
«Беларуская хрысціянская дэмакратыя» сабралі больш за тысячу подпісаў у рамках
экалагічнай кампаніі «За чысціню паветра».

 

«Патрабаванне, пад якім падпісваюцца грамадзяне, – пачаць
грамадскія слуханні па пытаннях дрэннага стану экалогіі ў Магілёве», – распавёў
БелаПАН каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «БХД» у Магілёве Алег
Аксёнаў. Паводле яго слоў, збор подпісаў у межах кампаніі пачаўся ў канцы
траўня.

 

Акрамя таго, актывісты аргкамітэта БХД раздаюць мясцовым
жыхарам інфармацыйныя бюлетэні на экалагічную і іншую тэматыку, у якіх ёсць
тэлефон гарачай лініі. Актывісты прапануюць магілёўцам звяртацца,
выкарыстоўваючы яго, па хвалюючых пытаннях грамадскага жыцця горада.

 

У канцы чэрвеня актывісты аргкамітэта БХД падалі заяўку ў
Магілёўскі гарвыканкам аб правядзенні 6 ліпеня пікету, каб звярнуць увагу
ўладаў і грамадскасці на экалагічныя праблемы абласнога цэнтра. Аднак, як
паведаміў Аксёнаў, гарвыканкам не дазволіў акцыю пратэсту, матываваўшы гэта
указаннем не таго месца правядзення, дзе ў горадзе дазваляюцца падобныя
мерапрыемствы, – стадыён каля ДК завода штучнага валакна імя Куйбышава па
вуліцы Чалюскінцаў.

 

«Калі мы падавалі заяўку, то пазначылі месцам правядзення «пляцоўку
насупраць Драматычнага тэатра або любое вамі выбранае месца». А ў адказе
прыйшло, што забараняем з-за таго, што пазначылі не тое месца, якое дазваляем.
Нонсэнс. Мы ж напісалі – якое дазволіце, на тое і згодныя. Адмысловатакая фармулёўка была выкарыстана. Не, усё роўна забаранілі», – канстатаваў
грамадскі актывіст.

 

Ён паабяцаў, што на працягу тыдня сябры аргкамітэту БХД
пачнуць раздачу ў Магілёве улётак на тэму экалогіі горада. Акрамя таго,
прыблізна праз паўтара – два тыдні запланавана правядзенне «экалагічнага»
круглага стала сумесна з грамадскай ініцыятывай «Грамадскі магістрат». «Гэты
круглы стол стане пачаткам падрыхтоўкі да грамадскіх слуханняў па экалогіі
Магілёва. Калі ўлады не захочуць праводзіць гэтыя слуханні, то мы правядзем іх
самі», – заявіў Аксёнаў.

 

Паводле яго слоў, удзел у круглым стале возьмуць незалежныя
эколагі.

Болей навін