Гомельскі гарвыканкам лічыць увагу да экалогіі незаконнай
Актывіст
грамадскай кампаніі «Народны кантроль», намеснік Гомельскага абласнога
каардынатара БХД Андрэй Мельнікаў 18 чэрвеня падаў заяўку на экалагічны пікет:
за мэту ставілася прыцягнуць увагу грамадскасці і гарадскіх уладаў да
незадавальняючага стану гомельскіх вадаёмаў.
Вадаёмаў у горадзе
вельмі шмат. Пры добрым за іх даглядам — цудоўныя мясціны для адпачынку і
аздараўлення. На жаль, нізкая культура пэўных землякоў і гасцей ды неахайная
гаспадарчая дзейнасць прывялі большасць з іх у жахлівы стан: у многіх вадаёмах
— безліч шкодных хімэлементаў, моцна папсаваныя і забруджаныя берагі.
Згодна законадаўству, пікет
заяўляецца не пазней, чым за 15 дзён. Адпаведна, 18 чэрвеня Мельнікаў падаў
заяўку на 3 ліпеня 2014 года.
Адказ прыйшоў толькі ў суботу 5
ліпеня. Афіцыйны бланк падпісаны намесніцай старшыні гарвыканкаму Аксанай
Рудзянок і датаваны 27 чэрвеня. Штэмпелі на канверце сведчаць, што ліст быў
адпраўлены 2 ліпеня і атрыманы ў паштовым аддзяленні па месцы жыхарства
заяўніка 4 ліпеня. Сутнасць адказу: заяўка не адпавядае закону.