Міністэрства аховы здароўя: сустрэча з ініцыятарамі звароту абавязковая

13 верасня 2014 12:28  |  Рада Народных Дэпутатаў

З Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь актывістам
БХД прыйшоў ліст-адказ на паўторную скаргу жыхароў мікрараёнаў Білева 1,2,3 наконт
фармальнага і нядобрасумленнага выканання Віцебскімі ўладамі даручэння
Міністэрства аб правядзенні сустрэчы з зацікаўленымі бакамі па пытанні
будаўніцтва паліклінічнага комплекса ў мікрараёне Білева Віцебска, якая мелася
адбыцца 30 ліпеня, але на якую зацікаўленыя бакі не запрасілі.

 

У адказе Міністэрства аховы здароўя паведамляе: сустрэча з
ініцыятарамі звароту абавязковая. Так што, жыхары Білева чакаюць рэальнай сустрэчы
з прадстаўнікамі ўлады.

 

Нагадаем, што яшчэ з 2010 года планавалася пачаць
будаўніцтва паліклінікі ў новых мікрараёнах Білева. Тут жывуць маладыя сем’і,
многія з якіх шматдзетныя. Агульная колькасць жыхароў перавысіла 20 тысяч.
Нагрузка па медыцынскім абслугоўванні легла на паліклініку №3, што на
Маскоўскім праспекце. Хаця тут і адкрылі 7 дадатковых тэрапеўтычных кабінетаў,
але гэта мала змяніла сітуацыю.

 

Жыхары мікрараёнаў склалі зварот у Міністэрства аховы
здароўя, Віцебскія аблвыканкам, гарвыканкам, гарсавет з патрабаваннямі
пабудаваць даўно запланаваную паліклініку. Пад зваротам паставілі подпісы амаль
5000 грамадзян. Лісты з подпісамі 4108 перадалі ў адпаведныя інстанцыі.

 

З вышэй пералічаных арганізацый прыходзілі лісты-адпіскі, у
якіх расказвалася, як добра арганізавана медыцынскае абслугоўванне для жыхароў
Білева. Але кожны можа зайсці ў паліклініку сам і паспрабаваць трапіць да
патрэбнага яму ўрача. Да тэрапеўта можа і трапіш сёння, да хірурга – чакаць
будзеш тыдзень, а да акуліста можа і месяц.

 

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах
грамадзян і юрыдычных асоб”, адказныя асобы адпаведных службаў пасля звароту 50
грамадзян па пэўнай праблеме, павінны выехаць на месца і арганізаваць з імі сустрэчу.
А тут быў зварот 4108 грамадзян. Але…

 

18 жніўня каардынатары аргкамітэту БХД А.Шабуня і
Т.Севярынец адправілі вымушаную скаргу ў Міністэрства аховы здароўя наконт
фармальнага і нядобрасумленнага выканання віцебскімі ўладамі даручэння
Міністэрства аб правядзенні сустрэчы з зацікаўленымі бакамі па пытанні будаўніцтва
паліклінічнага комплекса ў мікрараёнах Білева Віцебска, якая мелася адбыцца 30
ліпеня. Ініцыятары звароту і галоўныя зборшчыкі подпісаў не былі на яе
запрошаныя, а даведаліся аб сустрэчы 8 жніўня, калі атрымалі ліст аб яе
справаздачы.

 

Але, перш чым скласці і адправіць скаргу, А.Шабуня і
Т.Севярынец яшчэ раз паспрабавалі знайсці хоць якія прыкметы таго, што сустрэча
ўсё ж такі адбылася. Наведалі СШ №46, дзе, па паведамленні выканкама, яна
праходзіла. Але ні намеснік дырэктара, ні настаўнікі, ні прадстаўнікі
гаспадарчых службаў школы нічога пра сустрэчу не ведалі.

 

Апытвалі жыхароў-мінакоў у Білева. З 28 чалавек толькі адна
жанчына паведаміла, што бачыла абвестку аб сустрэчы на сваім пад’ездзе, але ўжо
пасля прызначанага тэрміну. Тое ж чулі і ад амаль 100 падпісантаў звароту, якіх
абтэлефанавалі, калі даведаліся, што нейкая сустрэча прайшла (з адказаў гарвыканкаму
і гарсавету, гэтыя адказы адзін ў адзін падобныя).

 

Між тым, у лісце-адказе з упраўлення аховы здароўя
Віцебскага аблвыканкама ад 30 ліпеня, дасланага толькі Шабуні Алене, пазначана,
што сустрэча адбылася 30 ліпеня, а 18-й гадзіне, у памяшканні СШ №46. На ёй
прысутнічалі 25 чалавек-падпісантаў, усе разышліся задаволеныя. Уявіце сабе,
што адказ датаваны 30 ліпеня, сустрэча праводзілася 30 ліпеня у 18.00. Бачыце, як
працуюць ва ўпраўленні аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама!!! Увечары правялі
сустрэчу і адразу пабеглі справаздачыцца Алёне Шабуні пра вынікі…

 

І вось Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь паведамляе:
сустрэча з ініцыятарамі звароту абавязковая.

 

Так што, жыхары Білева чакаюць рэальнай сустрэчы з
прадстаўнікамі ўлады.

 

Крысціна Авакумава

Болей навін