Галіна Каржанеўская. Вязні шталагу 352

30 кастрычніка 2014 16:33  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Масалкоў Канстанцін Васільевіч, 1902 г.н.

Памёр у лагеры 31.12.1942 г.

 

Мы не знойдзем памятнай пліты з такім надпісам. Канстанцін Васільевіч пахаваны ў агульнай магіле разам з іншымі ваеннапалоннымі. На месцы знаходжання лагера і гібелі людзей зараз знаходзіцца мемарыял з Вечным агнём. Сюды не прыносяць кветкі ў святочныя дні кіраўнікі дзяржавы. Побач дарога на ждановіцкі рынак, несканчоны паток аўтамабіляў едзе міма, і мала хто ведае пра трагедыю, якая адбылася каля вёскі Масюкоўшчына ў перыяд акупацыі.

Тады вёска знаходзілася за 5 км ад Мінска, побач, як і цяпер, праходзіла чыгунка ў бок Маладзечна. Там да вайны размяшчаўся вайсковы гарадок. У былыя канюшні і сагналі тысячы савецкіх ваеннапалонных, захопленых пры наступленні. Фашысты, відавочна, не разлічвалі на такі прыток непатрэбнай “жывой сілы”. На яе ўтрыманне не былі запланаваны сродкі, не мелася сэнсу адцягваць чалавечыя рэсурсы ад фронта: вораг ішоў на Маскву. Выкарыстаць тысячы мужчын на штось карыснае  (будаўніцтва, напрыклад)  было заўчасна і немэтазгодна. Забіваць усіх і адразу таксама не выпадала: не было магчымасці ўтылізаваць такую колькасць біямасы. Не будаваць жа тут крэматорыі, на самай справе! Заставалася толькі ахоўваць, каб не разбегліся і не папоўнілі партызанскія атрады, і забіваць паступова, метадычна, не трацячы боепрыпасаў. Голад і холад – верныя прыслужнікі смерці…

 

Канстанцін Масалкоў прайшоў кавалерыстам фінскую вайну. Пад ім забілі каня. Зваліўшыся, ён выбіў зубы. Вярнуўся з вёску Соманава Аршанскага раёна, дзе чакала жонка з дзецьмі. Лёс яго не заладзіўся змалку. Маці памерла пры родах ягонага браціка. Бацька не вытрымаў страты і наклаў на сябе рукі. Хлопчыкі-сіраты раслі ў сваякоў. Фатальным чынам склалася так, што і шасцёра яго ўласных дзяцей гадавалі сваякі. (Родавая праграма?)

Калі бацьку прызвалі ў ваенкамат, дачцы Ліне было 4 гады. Меншы іх брацік бацькі не пабачыў, бо нарадзілася ў вайну. Застаўся падпісаны бацькам здымак за 5 ліпеня 1941 года: “Прощайте. Ваш муж і отец” Менавіта так, з праскочыўшым беларускім -і… Далёка падраздзяленні не адыші – іх разбамбілі, раскалашмацілі немцы. Усе разбраліся па лясах, шукаючы ратунку. Бацька аказаўся разам з суседам Дзянісам.

—Косця, пайшлі дадому.

—Ты ідзі, а мне нельга. Мяне расстраляюць як дэзерціра (быў старшынёй калгаса). Пайду на ўдачу, можа, далучуся да якога атрада.

Сусед вярнуўся і пражыў да 80-ці гадоў. Бацька з іншымі трапілі ў палон, іх адправілі ў шталаг 352.

Уцякаючы, нямецкія часці пакінулі пасля сябе не толькі сляды злачынства, але і дакументы, якія вяліся ў лагеры для ваеннапалонных: гэта кнігі рэгістрацыі памерлых, дакладныя  і тлумачальныя запіскі персаналу, спіс выпісаных з лазарэта, даведкі аб стане здароўя, гісторыі хваробы, рапарты, загады. З гэтымі дакументамі ў 2005 годзе пазнаёмілася Ліна Канстанцінаўна Масалкова – актыўная дзяячка 90-х гадоў, сапраўдная, а не пашпартная беларуска, былая настаўніца.

 

Далей я буду спасылацца на яе запісы, зробленыя па матэрыялах Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны і ў архівах.

У сямі аддзяленнях лагернага лазарэту працавала 5 урачоў, 8 санітараў, 6 фельдшараў, 7 медсясцёр.

З дакладной запіскі па лазарэце:

“Довожу до вашего сведения что в 5 отделении имеются: хроников 146, преимущественно с дистрофией – 18%.”

З тлумачальнай запіскі:

“В 1 отделении насчитывается 226 человек. Из них 158 инвалидов и 68 в приемнике, 25 – слепота, 3 – малярия.”

“Приказ по комендатуре.

Об отдаче чести военнопленными.

Всякий отдельный в/пл. обязан отдавать честь каждому встречному немецкому офицеру и унтерофицеру.

Группы под охраной отдают честь  принятием стойки, с мирным лицом.”

Заява медыкаў:

“Господин начальник лагерного лазарета!

За последнее время полученный из склада хлеб сплошь поражен плесенью. Больные и персонал фактически недополучают положенные им нормы. Кроме того, употребление такого хлеба может вызвать тяжелые кишечные заболевания.”

Тлумачальная запіска за красавік 1942 г.:

“Вырасла захворвальнасць і смертнасць. Памерла 41 чал., крупознае запаленне лёгкіх на глебе дыстрафіі, 90% — смерць.

Выпісана ў лагер 1059, паступіла ў лазарэт – 1668.

 

Дынаміка смертнасці і выздараўлення хворых на 1-е паўгоддзе 1942 г.:

Студзень: 6260 – 1771

Люты:4573 – 1173

Сакавік:  3336 – 495

Красавік: 4040 – 568

Май: 3086 – 457

Чэрвень: 2418 -247.

 

Па стане на 31 мая 42 г..

У аддзяленні 352 чал. З іх:

Сыпнатыфозных – 113

Агульная дыстрафія –41

Аслаблых – 22

Туберкулёз лёгкіх – 9

Абмарожаных (з зімы) – 7 і г.д.

“Практычна здаровымі” прызнаны 22 палонныя.

З лета 42-га памерлых перасталі рэгістраваць. Відаць, іх колькасць была такой, што не было фізічнай магчымасці адсочваць і весці ўлік.

 

З успамінаў  ваеннапалонных з Гомеля Бердзічэўскага і Фірсава:

“Ад галадання і нечалавечых умоў жыцця палонныя гублялі чалавечы воблік. Наступала псіхічнае атупенне, абыякавасць да ўсяго, акрамя ежы. Існавала прадуманая сістэма знічтажэння чалавека, там працавалі забойцы-прафесіяналы. Палонных размяшчалі ў памяшканнях без падлогі, столі і акон. Падчас не тое што сесці – стаяць  не было дзе. Ляжалі адзін на адным. За правіннасці распраналі дагала, аблівалі вадой і пакідалі замярзаць. Або збівалі, прывязвалі да сталба. Віна магла заключацца ў тым, што чалавек хацеў атрымаць другую міску баланды.

Неяк у лагер прывезлі хлеб на машыне, яе акружылі галодныя палонныя, па іх адкрылі кулямётны агонь і застрэлілі сто чалавек. Ваеннапалонныя не вытрымлівалі, кідаліся пад колы машын або па дарозе з працы кідаліся на драцяную агароджу, каб іх расстралялі часавыя.”

 

З успамінаў былога в/п Воранава:

“Уверсе былі дзве дзіркі замест вокнаў. Панавалі страшэнны бруд, холад, цемра і смурод. Меліся трохярусныя нары. Да страпілаў падвешвалі дошкі і плашчпалаткі, рызыкуючы сарвацца і разбіцца. Вада адсутнічала. Людзі збіралі брудны снег. Хапала двух тыдняў, каб дужыя мужчыны рабіліся інвалідамі. Людзі з аднаго барака перайшлі ў другі, дзе змяшчалася 6 500 чалавек.”

 

Вось імёны катаў-“прафесіяналаў”: начальнік лагера, капітан Тайфер і яго памагаты Ліп. Аднойчы ў люты холад загадалі ўсім выйсці з барака і пакінулі на плацу. Аб’явілі, што капітан Ліп загадаў усіх пакінуць без ежы за паломку нараў. Там былі хворыя, раненыя і цалкам распранутыя. Пасля 7 гадзін стаяння на плацу засталося 200 замерзлых. Тыф і авітаміноз давяршалі справу. За лістапад і снежань 41-га памерла 2 500 чал. Змучаных людзей прымушалі рабіць непатрэбную работу: насіць у руках цэглу ад Юбілейнай плошчы і Опернага тэатра. Хто падаў ад знямогі, тых прыстрэльвалі. Дарога была ўсеяна трупамі.

У кастрычніку 41-га немцы пусцілі слух, што ўсіх, хто ў цывільнай вопратцы, будуць адпускаць па дамах. Людзі рознымі спосабамі спрабавалі раздабыць адзенне, а пасля пераапрнутых аб’явілі камісарамі і палітрукамі і вялікімі партыямі расстрэльвалі за горадам. Усяго так знішчылі 8 тысяч. Пахаронныя каманды не паспявалі закопваць трупы.

Перад Раством палонным зрабілі падарунак – пастроілі і прапанавалі цыгарэты. Былы камсорг Ілья  Фёдараў плюнуў афіцэру ў твар. Яго ў пакаранне падвесілі на жалезным круку на сасне. Людзі, што збіралі і адвозілі трупы, заўважылі, што чалавек на дрэве жывы. Ноччу яго знялі і паклалі на тачку з мёртвымі. Смяльчак выбраўся на волю праз прагал у калючым дроце. Ваяваў, атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. У 80-х гадах з ім была сустрэча.У франтавіка быў слабенькі, сіплы голас – крук пашкодзіў галасавыя звязкі.

У дакументах знаходзяцца таксама сведчанні пра сутыкненні немцаў з партызанамі, пра тое, як “лясныя браты” абіралі беларускае насельніцтва.

З дакладу СС і паліцыі. Плешчаніцы.

–         У пункце Зялёны Бор з’явілася каля 100 бандытаў (так яны звалі партызан), узброеных вінтоўкамі і ручнымі гранатамі. Адабралі ў насельніцтва хлеб, ячмень, бульбу. Заявілі, што калі заявяць немцам, то вёска будзе спалена.

–         У Новым Сяле бандыты ўзялі ў палон некалькі жыхароў і забралі 60-100 галоў хатняй жывёлы. У накірунку Докшыцаў рухаліся вазы з соллю (каля 30),  партызаны іх акружылі і завярнулі назад.

–         З00 бандытаў акружылі вёску Верацеі і забралі тры каровы і прадукты. Пры гэтым заявілі пацярпелым: паколькі з вас болей няма чаго ўзяць, то паведаміце ў жандармерыю, каб з вас не бралі падатку.

Забралі, забралі, забралі… 4 кані, 3 авечкі, 2 каровы…  2 свінні і вопратку, 6 авечак і адно цяля… 25 кг жыта, пасцельную бялізну, адзенне, абутак… Калі прыйшоў мір, то ўсё гэта савецкай уладай было спісана на выдаткі ваеннага часу і забыта.

 

Здараліся  і кур’ёзныя выпадкі:

“За время нападения партизан на немецкого часового особо отличились, оказывая помощь этому часовому, в/пл. Антошин и Попов и  русский шофер с опорного пункта № отд. Плещеницы.

После захвата партизанами в плен русские сумели бежать  и вернулись в свой лагерь.”

Загад гарадскога каменданта ад 25.02.42 г.:

“Літоўскі ахоўнік Іозас Петкунас з літоўскага стралковага батальёна асуджаны на 10 сутак строгага арышту за тое, што піў шнапс у каравульным памяшканні, “вследствие чего заступил на пост в состоянии опьянения”.

З аповядаў землякоў Ліны Масалковай:

Мясцовы жыхар-паліцай па мянушцы Цар Іван Р.забраў у маці карову ад шасці дзяцей. (Кароў немцы вывозілі ў Германію.) Маці звярнулася да каменданта Гофмана, і ёй далі іншую карову.

 

Ваеннапалонны Масалкоў пераслаў жонцы запіску, каб тая ўзяла з сабой тужурку і боты хромавыя ды прыехала забіраць яго. Жонка так і зрабіла: прадала што можна, пакінула меншых дзяцей на старэйшых і з сястрой падалася ў Мінск. Перадачу ад яе ўзялі, але ці перадалі – невядома, бо мужа яна не пабачыла. Зняволеныя выглядалі як цені і нават не размаўлялі.  З бліжэйшых вёсак ім прыносілі і перакідвалі бульбу, буракі, моркву, але яны падчас і на ежу не рэагавалі – толькі на цыгарэты. Жанчыны, ходзячы ўздоўж калючага дроту, пабачылі тачкі з распранутымі трупамі. Яны звярнуліся да аднаго з начальнікаў: “Вы ж у Бога верыце, дык хоць бы мёртвых прыкрылі…”

Другая паездка ў лагер была яшчэ горшай. Зноў падаліся сёстры ў горад лютай зімой 42-га. Зноў абыходзілі лагер па перыметру, перадалі запіску з прозвішчам роднага чалавека. Хтось прачытаў і ўспомніў: “А-а, гэта той, што з завязаным горлам хадзіў… Яго ўжо няма.”   Угаварылі машыніста цягніка ўзяць іх да Оршы, ехалі на адкрытай платформе. Сястра ўбачыла, што Анюта замярзае, дык зняла для яе свае валёнкі. Пакуль дабраліся да вёскі з Воршы… Маці як злегла, так больш і не ўставала. Малая Ліна падыходзіла да ложка: “Мама, можа табе яечка даць?” Кажуць, маці простая была вельмі, любіла кветкі і ездзіць у начное…

Далей усё, як ва ўсіх: спачатку дзяцей разабралі сваякі, пасля Ліна трапіла ў Смалянскі дзіцячы дом імя Баграмяна, дзе скончыла 7 класаў. Віцебская панчошна-трыкатажная фабрыка, вячэрняя школа, філфак. Мінск, педагагічная праца… БНФ, мітынгі, шэсці… Ліна Канстанцінаўна прынесла да агульных магіл сціплыя кветкі, яна не ведае, дзе пахаваны бацька. Гэтыя кветкі – усім вязням.

 

На тэрыторыі мемарыяла каля 200 агульных магіл, у якіх па звестках пахавана 4 500 чалавек. Каб замесці сляды злачынства, увесну 44-га немцы пачалі выкопваць і спальваць трупы. Усяго знішчана больш 80 тысяч савецкіх палонных. Такія ж лагеры існавалі ў Бабруйску, у  Жлобіне, Ваўкавыску, Магілёве, Крычаве, Пінску, каля Глыбокага і іншых месцах. На паўднёва-усходняй частцы парка Горкага закапана каля 10 тысяч палонных. Харанілі іх і на тэрыторыі выставачнага комлекса на Янкі Купалы. Нашы мужчыны былі  прызваныя ў ваенкаматы, гатовыя даць адпор, але былі  растаптаны націскам добра падрыхтаванай германскай арміі. У гэтай бязвіннай крыві павінны не толькі агрэсары, але і запалоханае, сляпое савецкае кіраўніцтва. Персанальна – сам Сталін, якога абяляюць і ўзвялічваюць сучасныя імперцы ў РФ.

Вечная памяць ахвярам нацызму і камунізму!

Болей навін