БХД ў межах “Народнага кантролю” дамагаецца спынення незаконнага будаўніцтва свінакомплексаў пад Маладзечна
Два вялізарныя свінакомплексы, на сто тысяч галоў кожны, плануецца
пабудаваць у Маладзечанскім раёне. 1 снежня ў Маладзечне прайшлі грамадскія слуханні
па гэтай тэме. Як заўсёды слуханні прайшлі не для грамадства, а каб «выканаць працэдуру». Абвестка аб
правядзенні грамадскіх слуханняў была размешчана
ў мясцовай газеце дробным почыркам. Тэрыторыя, на якой плануецца будоўля, ужо
даўно размечаная, а рашэнне а пабудове агучана ў СМІ, паведамляе Мінскі абласны
каардынатар аргкамітэту БХД Павал Пракаповіч.
Будаваць сінакомплексы сумнавядомы бізнэсовец Чыж збіраецца, як заўсёды, ў
абыход экалагічных нормаў. Ці, лепш сказаць, згодна з сучаснымі нормамі
беларускага рэжыму: не звяртаючы асаблівай увагі на нормы. І калі будаваць дамы
на касцях ахвяраў Халакосту Чыж не змог, таму што ўмяшаўся МЗС Ізраіля, то са
свінакомплексамі справа значна цяжэйшая: пытанне цалкам унутраннае, «правільныя»
экалагічныя эксперты гатовыя падпісаць любыя заключэнні, а грамадзяне Маладзечанскага
раёну для Чыжа не праблема.
Санітарныя зоны вакол свінакомплексаў самавольна скарочаны ўладамі, адзін
са свінакомплексаў плануецца пабудаваць за тры кіламетры ад Маладзечна. У
праектных разліках плануемых свінакомплексаў шмат памылак. Праектныя рашэнні па
ўтылізацыі адходаў распрацаваны ў недастатковых колькасцях і па састарэлых
дацкіх тэхналогіях, якія даўно ўжо лічацца небяспечнымі ў краінах Еўразвязу.
Функцыянаванне двух агромністых свінакомплексаў немінуча прывядзе да
забруджвання паветра, грунтовых вод, глебы, нанясе непапраўную шкоду навакольнаму
асяроддзю і здароў’ю грамадзян.
Замест таго, каб укладаць інвестыцыі ў найноўшыя тэхналогіі, працаваць з
поўнай адказнасццю перад беларускім грамадствам і перад будучымі пакаленнямі беларусаў,
Юрый Чыж думае толькі пра ўласны прыбытак. Свінакомплексы будуюцца выключна з
крытэраў максімальнай фінансавай выгоды. І падаецца ўсё гэта як выкананне
патрабаванняў кіраўніка краіны аб павелічэнні пагалоў’я свіней, бо зараз небыта
існуе пагроза харчовай небяспекі. Пра экалагічную небяспеку, якая ўжо наканаваная
беларусам у выніку злачынных рашэнняў, ніхто не ўзгадвае. Для Аляксандра
Лукашэнкі ўжо даўно адзіная вартая клопатаў небяспека—свая асабістая.
Пабудаваць так, як будзе бяспечна для прыроды і
людзей, для Юрыя Чыжа занадта дорага. Пад час грамадскіх слуханняў выступоўцы з
боку ўладаў і заказчыка альбо не адказвалі па сутнасці на пытанні грамадзян,
альбо ўвогуле не лічылі патрэбным адказваць.
Забеспячэнне аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнасць праектаў — не
абавязковыя крытэры для сённяшняй улады.
Беларуская Хрысціянская
Дэмакратыя патрабуе неадкладна спыніць будаўніцтва свінакомплексаў у абыход
экалагічных нормаў і пачынае грамадскую кампанію ў рамках “Народнага кантролю”
аб спыненні незаконнага будаўніцтва свінакомплексаў у Маладзенчанскім раёне.