Таццяна Севярынец. “Все хорошо, прекрасная маркиза, все хорошо, все хо-ро-шо…»
Так і гучаць гэтыя радкі з адказу на мой запыт да Віцебскага гарадскога
выканаўчага камітэту, які падрыхтавала Дзяржаўная ўстанова аховы здароўя
“Віцебская гарадская цэнтральная паліклініка”, а канкрэтна в.а. галоўнага ўрача
С.В. Лазар.
Чаго ж нам няймецца, чаго ж мы турбуем высокіх чыноўнікаў? Чаго гэта мы
нават нейкі форум стварылі па пытаннях якасці медыцынскага абслугоўвання ў
Віцебску?
Справа ў цяжкім стане медыцыны ў нашым абласным цэнтры. І гэта не надумана,
мы з гэтым жывем, з гэтым пагаджаюцца сотні віцеблянаў – падпісантаў пад
калектыўным зваротам да Міністэрства аховы здароўя, да гарадскіх уладаў, гэтым
заклапочаны і дэпутат Палаты прадстаўнікоў РБ сп. Цацоха, аб чым ён засведчыў у
сваім адказе сябрам форуму на іх запыт.
У звароце пералічаныя праблемы, з якімі сутыкаюцца жыхары, калі хвароба
прыводзіць іх ці іх родных у паліклінікі ды бальніцы: састарэлае абсталяванне,
ніякая матэрыяльна-тэхнічная база, пабітыя сцены большасці медычных устаноў,
недахоп вузкіх спецыялістаў, вялічэзныя чэргі да іх, перагруз дактароў, замаруджванае
будаўніцтва так патрэбных гораду (людзям!) паліклінік і шмат чаго яшчэ.
Напрыканцы верасня з’явілася ў нэце інфармацыя, што Віцебскі гарадскі выканаўчы
камітэт скараціў фінансаванне на медыцыну на 30 адсоткаў. У лісце в.а.
галоўнага ўрача – вы што? Наадварот! Аж на 100,2 адсоткі падвысілася!
“Рамонты і будаўніцтва паліклінік вядзецца ў адпаведнасці з гарадской
Праграмай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы г. Віцебска і Віцебскага раёна
на 2011-2015гады, згодна з якой прыдугледжваецца і фінансаванне аб’ектаў” – Тут
наша чарга крыкнуць: вы што? А паліклінічны комплекс у мікрараёнах Білева,
Поўдзень-7? У Білева недзе зарытая капсула губернатарам вобласці Косінцам і
гарадскім губернатарам Мікалайкіным, што тут будзе комплекс, пасля іх ўрачыстых
абяцанняў перад мясцовымі выбарамі 2014. Усё Білева шукае тую капсулу!
Пахаваная яна, як і пахавана амаль што надзея на сваю паліклініку. Над
Поўднем-7, дзе ўбіта пару слупоў на месцы абяцанай паліклінікі калышыцца сумна
кран як сымбаль безадказнасці ўладаў ды калі-некалі з’явіцца постаці ці то
будаўнікоў, ці то яшчэ каго. Дарэчы, на шэрай агагароджы пазначана і ўжо
сарамліва замазана, што аб’ект будзе ўведзены ў 2012 годзе. Н-да…што тут
скажаш?.. Дарэчы, у планах горада на 2014 год гэты аб’ект пазначаны як
абавязковы… Але ж кажа в.а. галоўурача С.В. Лазар, “усё добра”…
А пра ўкамплектаванасць сп. Лазар піша—на 100 адсоткаў! І нават па нормах
трэба меней, бо, ў адпаведнасці са стандартамі, на аднаго ўрача прыходзіцца
1300 чалавек, а ў Віцебску- толькі 1270. А вось пра вузкіх спецыялістаў
сарамліва ўмоўчваецца. Проста нагадаю нашую ліпеньскую гаворку з рэгістратарам
адной з гарадскіх паліклінік: напярэдадні хірург за змену вымушаны быў прыняць
100 чалавек(!?) Як той хірург сам выжыў пасля ТАКОЙ змены? Як не забіў каго?..
Пра закуп новага абсталявання для Віцебскіх паліклінік таксама пісалі
мясцовыя смі. Закупілі, а аказалася, што абсталяванне патрабуе падрыхтоўкі для
ўсталявання, перабудовы, рамонту кабінетаў… Дзе яно?
Урачыста адкрылі дабудаваную і адрамантаваную бальніцу хуткай дапамогі.(Ну
хоць гэта па плане выканалі!). А дасведчаныя людзі пішуць, што тэрапеўтычны
корпус тае бальніцы паўпустуе, увесь час ідуць нейкія перапрацоўкі…
Карацей, у вогнішчы згарэла хата, здохла карова, памерла жонка…. – ” А в
остальном, прекрасная маркиза, всё хорошо, всё хо-ро-шо!”
Аптыміст(ка) вы наш(а), спадар(ыня) в.а. галоўнага ўрача С.В. Лазар!
Толькі калектыўны зварот мы пакуль не даслалі па адрэсах. Вось 09.12.14
ідзем а 8-й ранку да старшыні Віцебскага Савета дэпутатаў, сп. М. Партнога.
Тады і яму ўручым, і іншым дашлем! Прыйдзецца, пэўна, сп. Лазар(у) С.В.
выконваць сваю арыю на біс. Толькі пазбаўце нашыя вушы ад фальшу!
Таццяна Севярынец