Экалогія – адзін з напрамкаў дзейнасці мінскай БХД

10 сакавіка 2015 16:45  |  Рада Народных Дэпутатаў

Экалогія – адзін з напрамкаў дзейнасці мінскай гарадской
хрысціянскай дэмакратыі. Летась нашы сябры змагаліся з інвазійкай на
тэрыторыі Ракаўскага сельскага савета:
зрывалі ліяны “шалёнага агурка”, выкопвалі малады баршчавік. Шкодная расліна
вырасла, між іншым, каля самай дарогі, якую забывае абкасіць Валожынскі філіял
аблдарбуда.

 

Галіна Каржанеўская як дачніца склала прапановы да
Валожынскага выканкама – па даездзе, добраўпардкаванні і г.д. Адказ за подпісам
намесніка старшыні І.Ляшкевіча прыйшоў своечасова. Па транспарце пытанне
вырашылася станоўча, але некалькі іншых пытанняў як бы не заўважылі. Напрыклад
– па стану прыдарожнай паласы і вуліцы ў самой вёсцы.

 

“Ёсць у сучаснага начальства такая звычка: не адмаўляць і
не рабіць… А вось па баршчавіку Сасноўскага мне адказалі вельмі вынаходліва. «Если борщевик начал распространяться,
необходимо принимать соответствующие меры борьбы с ним. Есть химические и
механические способы. В том числе и многократное скашивание». І далей штось доўгае і
няўцямнае па сэнсе. Можна падумаць, што не я звяртаю ўвагу кіраўніцтва на
пагрозу яшчэ адной плантацыі (непадалёку, у Пелікштах – 1,5 га), а яны мяне
вучаць, як надалей правільна выкарэньваць агрэсара”, – адзначае Галіна
Каржанеўская.

 

“Не, каб паведаміць простае: што прыродаахоўнікі
праінфармаваны пра новы інвазійны ачаг, а дарожныя будаўнікі папярэджаны. У
канцы ліста, праўда, паабяцалі, што ў бягучым годзе «будет продолжена эта работа на предмет активизации работ в данном
направлении”. Народны кантроль будзе сачыць, як і кім яны прадоўжацца”, – дадае
яна.

Болей навін