Улады Віцебска не выканалі абяцанне пабудаваць смеццеперапрацоўчы камбінат (фота)
У Камітэт дзяржкантролю ў красавіку 2014 году актывісты БХД здалі 945
подпісаў жыхароў Віцебска з патрабаваннем
пабудаваць смеццепераапрацоўчы камбінат для патрэбаў гораду і вобласці,
запланаваны яшчэ на 2011 год. Подпісы перанакіравалі ў аблвыканкам, адкуль актывістам
атрымалі вялікую справаздачу, што робіцца ў гэтым накірунку. Адбыўся прыём у Анатоля
Дзівуліна, намесніка старшыні аблвыканкаму, які адказны за будаўніцтва смеццепераапрацоўчага камбінату. Апошні
тады запэўніў, што стары (з 1972 году) палігон будзе закансерваваны ў снежні
2014 году, а новы пачне
дзейнічаць у другім квартале 2015 года ў раёне вёсак Копці-Касачы. На сам
камбінат грошаў няма, але інвестараў з усіх сілаў шукаюць.
Каб праверыць, як ідзе будаўніцтва, каардынатар аргкамітэту БХД па
Віцебшчыне Таццяна Севярынец 24 сакавіка выправілася на стары палігон, што пад
самым мікрараёнам Білева, і месца паміж Капцямі і Касачамі.
“І што новага? А нічога!!! Як вазілі смецце на стары палігон, так і возяць.
Як пагражаў ён гораду экалагічнай катастрофай, так і пагражае. Як стаяла на новай пляцоўцы пабудаваная энергетыкамі
ЛЭП з вышкамі і стаўпамі, так і стаіць, толькі шыльда кудысьці знікла, дзе было
напісана, што гэта за аб’ект, ды буралом пачаў асвойваць прастору (гэты
дзейнічае нашмат хутчэй віцебскага кіраўніцтва). Дарэчы, не здзіўлюся, калі
наступны раз убачу раскурочаныя дзверы таго ЛЭПу, праз якія ўсё будзе вынесена
жадаючымі і ўмеючымі красці нават з-пад замка – аховы ж няма. Падазраю, што
грошаў нашых туды было ўкладзена безліч… Яшчэ адзін адрас безгаспадарчасці,
абыякавасці, лузерства”, – адзначыла яна.