Галіна Каржанеўская. Пацыент жывы і гатовы дзейнічаць
З пачаткам выбарчай кампаніі грамадская тэмпература патроху расце, што азначае: пацыент, як ні дзіўна, жывы. Цікава было назіраць, як разыходзіліся меркаванні ў дэмакратычных колах па адносінах да сёлетніх выбараў. Хто ў лес, хто па дровы! То пішуць, што “выбараў няма” і ўдзельнічаць у іх няма сэнсу, то папракаюць, што апазіцыя “спіць” і не спяшаецца вылучаць сваіх прадстаўнікоў. “Умный человек участвовать не может, так как победить в них (выборах) невозможно”, – дзеліцца сваёй дэпрэсіяй адна з чытачак. Акрамя перамогі, выходзіць, іншых мэт у палітыка быць не можа. Вось як выдадуць яму завераную натарыяльна гарантыю, тады няхай удзельнічае!
Слабым месцам ва ўсіх прыстойных прэтэндэнтаў з’яўляецца іх “нераскручанасць”, адсутнасць доступу да дзяржаўных СМІ. Згадваецца, як у 2010 годзе я збірала подпісы за аднаго з кандыдатаў. Сівы чалавек з суседняга дома развёў рукамі: “Я яго не ведаю”. Тады я не стрывала: “Чаму я ведаю дзесяць прэтэндэнтаў, а вы – толькі аднаго?”
Такіх недасведчаных у нас большасць. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі робяць сваю чорную справу: усялякімі спосабамі ствараюць вобраз незаменнага і адзінага. Усе астатнія – вартыя жалю ўзурпатары, над якімі не грэх пасмяяцца. Жыхар Гродна ў сваім допісе насміхаўся над Мехам: “Хто ж цябе, дарагі Аляксандр, ведае ў краіне?” Пабыў бы ты дэпутатам мясцовага ўзроўню альбо Палаты прадстаўнікоў, пакіраваў бы невялікім прадпрыемствам… У адным пасажы некалькі недарэчнасцяў. Па-першае, хто ж яго, Меха, дапусціць у мясцовыя Саветы, а тым болей – у палатку? Старшыні камісій касцямі лягуць, каб парушальніка спакою адсеяць на стадыі рэгістрацыі. А з кіраўнікоў прадпрыемстваў, пагадзіцеся, мы ведаем толькі тых, каго пасадзілі. Апазіцыянера нават на склад сторажам не возьмуць, каб не мець непрыемнасцяў. Так што імідж і вядомасць на сённяшні час фарміруюцца проста. З дапамогай “скрыні”.
Вось і тэлеадвакат улад Ю.Міхальчанка, аўтар і вядучы тэлесюжэта “Как есть, так есть”, таксама прытвараецца святой прастатой. Як толькі зацвердзілі дату прэзідэнцкіх выбараў, ён з уласцівай яму з’едлівасцю прайшоўся па магчымых канкурэнтах. Тыя яшчэ не вылучыліся, а ўжо вінаватыя. У тым, што… нікому не вядомыя!
Ну дык паведаміце, спадары тэлевізійнікі, пра лідараў грамадскіх партый і рухаў паміж выбарамі, пра іх ініцыятывы, прапановы, пра іх бачанне грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Пра тое, калі партыі былі зарэгістраваны і чаму не рэгіструюцца цяпер. Як праследуюцца грамадзяне, што аддалі свой подпіс за заснаванне хрысціянскай дэмакратыі. Як пашанцавала аматарам тхароў, бо яны (аматары) для ўлады бяспечныя.
Як толькі ЦКВ вызначыўся са спісамі прэтэндэнтаў, зноў дзяржаўнае тэлебачанне бессаромна прагнулася: пералічваюць восем прозвішчаў, а паказваюць адзін партрэт. Здагадайцеся, чый! Гэтыя падхалімы не стамляюцца лізаць дзеючаму, як пісаў паэт, і “пяткі, і ля пупа складкі”. Па сутнасці парушаюцца правы іншых прэтэндэнтаў. Падсудная справа!
Вернемся да чытацкіх водгукаў у недзяржаўных выданнях. Даволі рэзка прайшоўся выбаршчык С.А. Каралёў па Анатолю Лябедзьку. Маўляў, у яго камандзе адны пенсіянеры, хай сабе і заслужаныя. Мабыць, аўтар допісу думае, пенсіянеры сваё аджылі і ім застаецца адно – закопвацца жыўцом на дачных градках. Не ведаю, хто як уяўляе ідэальны вобраз сучаснай партыі, а на практыцы менавіта людзі пенсійнага ўзросту – самыя актыўныя і ініцыятыўныя. Мы, пенсіянеры, прыхільнікі стварэння партыі БХД, не толькі ўдзельнічаем ва ўсіх рэспубліканскіх грамадскіх праектах, але і распачалі свой: сабралі подпісы за вяртанне льготнага праезду ў гарадскім транспарце. І зусім не камплексуем з прычыны свайго “сеньёрскага” статусу. Наадварот, бачым яго перавагі: у нас ёсць жыццёвы вопыт і вольны час, нас не запалохаюць звальненнем з працы і не турнуць з трэцяга курса ВНУ. Многія з нас маюць досвед назірання за выбарамі ўсіх узроўняў. Паважаныя прыхільнікі байкоту! Назіранне – не ўдзел у выбарах. Назіранне – кантроль за выбарамі, і мы заклікаем усіх нераўнадушных прыняць удзел у гэтым надта цікавым працэсе.
Галіна Каржанеўская, “Народная воля”