Скажы дурному паклоны біць…
За год у Віцебску недзе 30 сонечных дзён. Звычайна яны неяк размяркоўваюцца па порах года, а тут чыстае сонечнае неба ўвесь красавік. І ні кроплі дажджу. Ужо па-летняму цёпла, а ні табе зялёнага лісціка на дрэве, ні травіначкі. Ледзь-ледзь перад Вялікаднём пачала з’яўляцца, радуючы вока і праганяючы нейкі касмічны страх, што ў прыродзе Віцебска адбыліся нейкія нядобрыя незваротныя змены. І, кажуць, зʼявіліся ў вялікай колькасці кляшчы…
Ну, гэта жывыя істоты, ім не загадаеш, дзе жыць і ў каго кроў піць… А вось Віцебскі зелянгас і таямнічае начальства, чыімі загадамі той зелянгас кіруецца, – гэта асобная размова. Яе і пачнем. Здаля.
Каб аптымізаваць жыццядзейнасць гораду, у Віцебску ЖКГ прыдумаў скараціць амаль усіх дворнікаў і размеркаваць плошчу гораду паміж зелянгасам і Гардармостам. У выніку і вуліцы, і двары заваліла смеццем: ні ліст апалы не паспелі прыбраць – так і праляжаў дзе ў купах, а дзе і так. Каля смеццевых бакаў горы, дзе з удзячным відам грэбліся бамжы, вароны, пацукі.
Пакуль не ўмяшалася пракуратура, нашыя (ініцыятывы «Віцебск- горад наш») груканні і паходы па кабінетах выніку не давалі. Загадчык аддзелу па зваротах грамадзян Віцебскага гарвыканкаму з упартасцю сапсаванай кружэлкі паўтараў, не гледзячы ў вочы: «Усё прыбіраецца адпаведна новаму заканадаўству». А новае заканадаўства – гэта як раз і рашэнне гарвыканкама «аптымізаваць». Нарэшце, прызналі: фокус не ўдаўся, з 1 траўня вярнуць дворнікаў у двары! Пакуль іх асабліва не бачна. Па-ранейшаму вецер катае па асфальце пустыя балоны з-пад піва ды носіць у паветры ашмоткі поліэтыленавых пакетаў, шуршыць, прыбіваючы да якога куста, скарыстанымі ўпакоўкамі і па крысе горад зноўку зарастае смеццем.
Але ж новы клопат! Траўка палезла! Толькі-толькі паказала з ссохлае зямлі свае язычкі (яшчэ ніякі клешч не паспеў яе аблюбаваць у якасці стартавай пляцоўкі), а яе – жжах і няма. Касцы з трымерамі павылазілі. Спачатку выбрылі дашчэнту праспект Перамогі, зараз перасяліліся на Маскоўскі. Ды не па аднаму, а гуртамі. Працоўны дэсант у нас у Віцебску зараз у вялікай модзе.
Спешваюся з ровара, падыходжу: «Хлопцы, чые вы будзеце?» – «Зелянгас» – «Гэта вам такое заданне далі-касіць?» – «Ну так, нам сказалі – мы працуем» – «А дзе вы траву бачыце? Вось гэта яшчэ не яна». – «Ну. нам сказалі» – «А галава, спытаць-сказаць, што?» – «Вы што фатаграфуеце? Куды вы гэта выстаўляць будзеце? Я зараз міліцыю пазаву! Не дай Бог мой твар! Я вам асабістае жыццё сапсую! Я мужыкоў збяру. Ну-ка мне сваё прозвішча!» О, як асмялеў! Чаго пералякаўся? Гэты момант яшчэ патрабуе асэнсавання і працы… Тэлефануем у зелянгас, размаўляем з намесніцай Валянцінай Генадзеўнай. Яна, адчуваецца, недзе на абʼекце (так прынята казаць), нічога патлумачыць не можа, акрамя «нам загадалі, а хто, я не памятаю».
Тэлефануем адказнаму за экалогію гораду Фандо Валерыю Эдуардавічу (Амаль увесь красавік у Віцебску перавышала норму небяспечных цвёрдых выкідаў у паветра ў 2,5 разы).
Нагадваем пра забруджванне, смецце. Пытаемся, як жа так, чаму так усё без розуму. «А хочам, каб прыгожа было перад 9-м, траўка каб раўненькая, а то адна хутчэй расце, другая марудней»
Абзац. Па нормах траву на вулічных газонах стрыгуць (косяць), калі яна дасягне 15-20 см і пакідаюць не менш, як 5 см (у горадзе). А тут хаця б на 3 вырасла…
Віцебск падчас летняй спёкі пераўтвараўся амаль у пустку. Руда-шэрага колеру горад. Пры тым, што праз яго працякаюць 3 рэчкі… Бо няма сапраўднага гаспадара, ёсць чыёсьці спантаннае рашэнне, каб усё пад лінеечку, нібыта так прыгожа, няма разлікаў і розуму ў падыходзе да даволі простай праблемы: зрабіць горад чыстым, утульны, прывабным. А выканаўцы, што выканаўцы?.. Скажы дурню паклоны біць, дык ён і лоб пабʼе.
Электронны запыт у зелянгас адправіла.
Таццяна Севярынец