Традыцыйны мастацкі плэнэр ад БХД на дзіцячай пляцоўцы у Менску (Фота)
Cябры раённай суполкі аргкамітэту БХД правялі традыцыйны мастацкі “плэнэр” на дзіцячай пляцоўцы. Гэта ўжо чацьвёртая па ліку такая акцыя, зладжаная за 2 гады з ініцыятывы народнага дэпутата па Савецкім раёне Менску Валерыі Чарнаморцавай. У двор 39-га дома па вуліцы Усходняй з дапамогай хадэкаў прыляцеў Маленькі прынц, а таксама завіталі яго сябры Ліс, Баранчык і цудоўная Ружа, якіх прывёз для малечы на сваёй сьпіне вялізны Кот-баюн.
Старэйшыя жыхары дома зрабілі невялічкія ахвярваньні на фарбы і пэндзлі, каб упрыгожыць страшную шэра-жоўтую шурпатую сьцяну на дзіцячай пляцоўцы свайго двара, малодшыя з радасьцю дапамагалі актывістам размалёўваць яе, за што пасьля заканчэньня пленэру атрымалі салодкія прызы.
У інтэвію прэс-службе БХД Валерыя Чарнаморцава распавяла: “Такія простыя, але радасныя акцыі дапамагаюць людзям зразумець, што калі прыкласьці троху намаганьняў, разам можна зьмяніць усё, пачынаючы ад свайго двара і сканчаючы краінай.
Спачатку, калі мы пачалі размаўляць з жыхарамі бліжэйшых дамоў наконт гэтай сьцяны, быў пэўны недавер. Але калі мы распачалі працу, шмат хто падыходзіў да нас, дзякаваў, ахвяраваў грошы на фарбы.
А мясцовых хлапчукоў проста не адцягнуць было ад сьцяны. Яны хіба што ня біліся за пэнзлікі і асабліва балёнчыкі з фарбай, спрачаліся, хто лепш па-беларуску папросіцца дапамагчы нам маляваць. І сапраўды, паколькі сьцяна шурпатая і цяжкая для маляваньня, дапамога малых была нам вельмі дарэчы.”